Отзывы о книге Лабух

  • Аватар пользователя
    alesya_vinovarova
    3 июля 2020

    Музыка без кахання не існуе

    18+. Першы раман (“эміграцыйнага” перыяду) Уладзіміра Пракопавіча сапраўды мае падставы называцца “раманчыкам” – такі ён стылістычна лёгкі, ды і неяк асобна стаіць, на мой погляд, ва ўсёй беларускай літаратуры. Жыццё і каханне, эротыка і палітыка, музыка і гумар – галоўны герой Лабух (“лабаць” – граць на музыкальным інструменце) увесь час спрабуе разгледзець сябе праз прызму гэтых чалавечых канструкцый, а чытач назірае за гэтым, поўным нечаканасцей, жыццёвым шляхам. Што сапраўды пераважае ў гэтым творы, дык гэта эротыка (калі не штосьці звышэратычнае), а разам з ёй і філасофска-палітычныя развагі аб уладзе, справядлівасці, найперш. Гэтае пытанне паўстае асабліва востра ў той краіне, якой, можа быць, няма… Асабліва кранальным эратычным момантам мне стала начная гаворка з жанчынаю праз замочную шчыліну. Калі шмат цялесных, фізічных і падрабязных праяваў інтымнага жыцця, то ў хуткім часе перасычэнне не прымусіць вас чакаць, а трэба шукаць выйсце. Душа адгукнулася на нестандартнае:

    “– Прасуньце адну ў адтуліну замка... Яна шырокая, ён вялікім ключом мяне замыкае... А ў мяне на ўсю ноч і паўпачка не засталося... – На ўсю ноч?.. – Ён раніцай прыяжджае... Я прасунуў цыгарэту, якую яна выцягнула і спытала: – Выйшла нешта накшталт сэксу, праўда? Нічога не адказаўшы, я стаў прасоўваць цыгарэты адну за адной... Яна засьмяялася: – Ой, хопіць... Калі многа, дык непадобна… Сабе пакіньце...”

    Ці існуе адмысловая мова беларускай эратычнай літаратуры?

    (У. Някляеў:) “Калі я пісаў раманчык “Лабух”, была чыста тэхналагічная, вельмі істотная, няпростая задача ўсё гэта па-беларуску выпісаць. Аказалася, што не існуе проста лексем. Як гэта ўсё робіцца, каб было не пахабна і ўсё-такі зразумела, што адбываецца паміж жанчынай і мужчынам?”

    Самы кароткі шлях да поўнага разумення – называць рэчы сваімі імёнамі, а таму шукаць эратычную літаратурную мову ў гэтым раманчыку няма сэнсу. Каб не апынуцца за мяжой дазволенага ў “прыстойнай” літаратуры, першае, што патрэбна аўтару, – густ, а другое – уменне кахаць, лічыць Уладзімір Някляеў.

    (У. Някляеў:) “Чалавек, які не ўмее кахаць, які адносіцца да жанчыны так, як самец да самкі, ён так і напіша. А калі ў чалавека напрацавана гэтая ўнутраная эмацыйная сістэма з павагай да сябе і да таго, што паміж імі адбываецца, тое, вядома, такім чынам атрымаецца і ў літаратуры. А інакш яно й быць не можа”.

    Вось чаму сярод галоўных скразных ліній аўтар пакінуў нам і тэму кахання. Лі-лі ў творы – і дзяўчына, і самаахвярнасць, і мадэль стварэння некага Сусвету (мо, кітайскага), і ратавальніца... Лабух – той, хто навучыў кахаць, але не ўцямліваў да пэўнага часу, якім стане без сваёй Лі-лі. Героі паўстаюць у шматлікіх сітуацыях, якія паказваюць на іх чалавечнасць, эмацыйнасць, прагу да жыцця ці наадварот... Магчыма, смерць – тут жаданы фінал, што размотвае раптам усе ніткі на звязаным наглуха клубку, дазваляе рэзка і адчувальна спазнаць усю сутнасць апісаных падзей. Так галоўны герой нарэшце скажа:

    “Калі ты дасюль жывы, пры сваёй галаве і на сваіх нагах, значыць, усё, што ты рабіў дасюль, зроблена правільна”.
    113

Комментарии 0

Ваш комментарий

, чтобы оставить комментарий.

Комментариев пока нет

Комментариев пока нет,
ваш может стать первым