Больше рецензий

3 июля 2020 г. 15:41

830

4 Прысуд Вайне

“Вайна, што пазбавіла дзяцінства” – скразны матыў творчасці Віктара Казько, які застаўся сведкам тых падзей, не нашага ўжо жыцця. Аповесць “Суд у Слабадзе” не будзе выдумкай, хутчэй, мне б хацелася папрасіць Вас уявіць сябе прывідам, што назірае за сапраўднасцю таго часу.
“Дзеці-донары. Людзі – вампіры” – быццам бы назва сярэднявечнай жахалкі для дарослых, у якую Вы патрапляеце, але назва, ператвораная ў жыццё і спробу зазірнуць глыбей. І пачынаецца Вашая жахалка так:

“Неба плавілася. Неба гарэла і палала. Рушылася сонца…”.

Час пасляваенны. Дзіцячы дом, дзе Колька Лецечка – падлетак, які не памятае мінулага, не шукае будучыні. Так жыве ён дзіцячым жыццём, напоўненым сонцам, каханнем, сяброўствам і …не дзіцячым адчуваннем хуткае смерці, цяжарам нязведанасці, непасрэднасці, якая, мацнейшая за самы справядлівы суд, агучвае сваё рашэнне над дарослымі.
Праўда, якую раптам пазнае хлопчык, знішчае, ламае і без таго слабое дзіцячае сэрца, падзяляе жыццё на два полі, пакідаючы сам-насам. Дзень вызвалення для яго стане днём уласнай смерці, якая наканавана была яшчэ з таго самага палаючага неба. Здавалася, што гэтае вызваленне душы з цела куды больш радаснае і лёгкае за дзіцячы ўспамін дарогі, усцеленай мёртвымі, па целах якіх едуць і едуць машыны. Там дзе чорнае сімвалічна смерці, а белае жыццю, там, дзе існаваў падзел – было ў свядомасці хлопчыка зламана чалавекам у чорнай форме, які вырываў з рук маці немаўля, і чалавекам у белым халаце, трымаючым шпрыц. Яны адбіралі жыццё.

«Свет пафарбаваны ў два колеры: сіні і чырвоны. Ёсць яшчэ трэці ў ім колер, колер туману, бела-малочны. Але гэта не колер жыцця, гэта правал, гэта бездань, у якую ён трапіў і якая паглынула яго, пачала жэрці яго з той хвіліны, як ён стукнуўся аб кузаў машыны. Дзень патух, забяліўся малаком, зацерусіўся імжой, яго зжэр гэты малочны колер. Малочная шэрань туману паплыла, агарнула яго, зжэрла яго рукі, ногі, цела».

Вайна патрабуе ахвяр. І нават бязвінных – ад гэтага яшчэ больш трапечацца сэрца, яшчэ мацней распальваецца крыўда да несправядлівасці жыцця. Чалавечы суд над карнікамі ў пэўным разуменні тут становіцца бессэнсоўным – гэта суд над тымі, ад каго ўжо пры жыцці патыхала мерцвячынай. Куды важнейшым паўстае пытанне да прысуду самой Вайне: яна ніколі не наблізіцца да прызнання віны, да асуджэння самое сябе, будзе "выкpyчвацца, xiтpaваць, пoўзaць, вытapгoўвaць cвaё жыццё... ".
“Суд у Слабадзе” – гэта чалавечае намаганне выправіць сваю ўласную свядомасць, задаць пытанні самім сабе і, шукаючы адказаў, вынесці прысуд той Вайне, што не павінна паўтарыцца.