Больше рецензий

xbohx

Эксперт

Диванный Эксперт

4 июня 2020 г. 16:49

697

4.5

Да мяне на папярэдняе чытанне трапіў раман аўстрыйска-нямецкага пісьменніка Даніэля Кельмана «Тыль», продажы якога нядаўна стартавалі ў выдавецтве Янушкевіч (пераклад Вольгі Гронскай).

Гэты раман ужо нарабіў шуму ў Германіі, дзе пасля выдання ў 2017 годзе разышоўся накладам больш за 600 000 экзэмпляраў. Потым кніга выйшла і на сусветны кніжны рынак, трапіўшы сёлета ў кароткі спіс Міжнароднай Букераўскай прэміі. Уручэнне прэміі перанеслася праз вірус, але будзем чакаць. Прэмія сапраўды прэстыжная, уручаецца за найлепшы твор, перакладзены на ангельскую мову і выдадзены ў Вялікабрытаніі. Можна ўспомніць, што лаўрэаткай Міжнароднага Букера пазалетась стала Вольга Такарчук, якая, дарэчы, цяпер сярод узнагарод мае і Нобелеўскую.

Магчыма, Кельман яшчэ надта малады, каб прэтэндаваць на такую высокую літаратурную ўзнагароду, але яго ўжо называюць «вундэркіндам» і «галоўнай надзеяй нямецкай літаратуры». Раз і лакальная, і сусветная вядомасць ужо ёсць, можна працягваць плённую літаратурную дзейнасць. Апошні раз у свеце з нямецкіх аўтараў так абмяркоўвалі Патрыка Зюскінда, калі ў 1985 годзе выйшаў яго раман «Парфума».

Пра што раман «Тыль»? Загадкавая назва, бо далёка не адразу ў галаве ўсплывае імя знакамітага героя сярэднявечных нямецкіх легенд Тыля Уленшпігеля. Раман «Тыль» — яшчэ адна спроба апісаць жыццё такога незвычайнага персанажа, пераасэнсаваць гэтую міфічную постаць.

Падзеі ў рамане разгортваюцца падчас Трыццацігадовай вайны (1618–1648). Атрымліваецца, што Кельман перамясціў Тыля ў часе, бо ў класічных легендах пра гэтага персанажа ён нарадзіўся на пару стагоддзяў раней. Раман гістарычны, і вам, магчыма, давядзецца ўзнавіць у памяці нейкія эпізоды і факты. Але каб атрымаць ад кнігі задавальненне, неабавязкова быць спецыялістам з глыбокім веданнем нямецкай гісторыі.

Тыль — вандроўны артыст, штукар, бадзяга, валацуга. Ён нарадзіўся ў сям’і млынара, якога царква абвінаваціла ў штукарстве, бо той надта цікавіўся даследаваннем нашага свету. Таму Тыль уцякае з родных мясцін у малым узросце і пачынае вандраваць па краіне. Кельман стварыў вельмі яркага персанажа, пад уплывам якога змяняецца ўсё вакол, любая мясцовасць, у якую ён трапляе. Яркія і каларытныя прыгоды, якія, здавалася б, зусім не вяжуцца з вайной, на фоне якой адбываюцца падзеі. Бо Тыль ідзе праз мясцовасць, спустошаную вайной. І ён той элемент, на якім трымаецца ўся гісторыя, які аб’ядноўвае такіх розных персанажаў. Кельман спецыяльна абраў галоўным героем чалавека, які мог адначасова мець сувязі і з кіруючымі коламі, і з простымі людзьмі, бо разам з кампаньёнамі (дзяўчынай Нэле і аслом, які ўмее размаўляць) выступаў і для адных, і для другіх. Такім чынам Тыль звязвае сюжэт.

Некаторыя героі кнігі выдуманыя, але ёсць сярод іх і рэальныя гістарычныя асобы. Усе яны расказваюць свае гісторыі, але давяраць нельга нікому, бо кожны мае свой, адрозны погляд на падзеі. Вось што зрабіла з людзьмі гэтая вайна: людзі пачалі верыць у дзіўныя рэчы і забіваць адно аднаго, калі іхняя вера не супадала.

Перакладчыца Вольга Гронская ў інтэрв’ю падкрэсліла, што аўтар не спрабаваў архаізаваць мову, каб персанажы размаўлялі ў адпаведнасці са стагоддзем, у якім знаходзяцца. Яго героі гавораць даволі сучасна, што дадае тэксту асаблівай лёгкасці ў чытанні. Сапраўды, раман чытаецца вельмі захапляльна, калі гэтая тэкставая і лексічная лёгкасць спалучаецца з прыгодамі герояў.

«Тыль» — сумесь гістарычнага рамана з фальклорнымі матывамі і нават фэнтэзійнымі элементамі. Раман нелінейны і напісаны з пункту гледжання розных дзеючых асоб на фоне жахлівых падзей вайны. Разам з героямі мы перамяшчаемся ў часе і прасторы, і часам гэта можа заблытваць, калі мы не разумеем, дзе знаходзімся і што адбываецца. Але ж такая сутнасць вайны: усё абсурдна, ніхто нічога не разумее.

Кельман жанглюе эпізодамі кнігі, як Тыль у рамане. Гэта свежы погляд на такія даўнія гістарычныя падзеі, на еўрапейскую гісторыю. Жахі вайны, якія сталі абсалютна абсурднай і крывавай падзеяй для простых людзей, у той час, як для вышэйшых колаў гэта была проста чарговая гульня за ўладу. Гэта той тып рамана пра вайну, які я люблю: ніякіх салдатаў і ваенных дзеянняў. Толькі людзі і іх гісторыі.

Дарэчы, у суседніх краінах (Расея, Украіна, Літва) гэты еўрапейскі бестселер яшчэ не перакладзены, таму назіраем рэдкі выпадак, калі беларусы знаёмяцца з папулярным сучасным раманам раней за сваіх суседзяў.
картинка xbohx