Больше рецензий

xbohx

Эксперт

Диванный Эксперт

8 июля 2019 г. 17:19

298

4

Сёлета гэтая кніга Іллі Сіна ўжо заняла 2 месца прэміі Кніга году 2018 (падзяліла яго з кнігай "Мае дзевяностыя" Альгерда Бахарэвіча), а цяпер яшчэ і ўвайшла ў спіс намінантаў на Прэмію Гедройца.
Гэта самае незвычайнае, што я чытала ў сучаснай беларускай літаратуры за апошні час. З творчасцю Сіна калісьці знаёмілася, але ўрыўкамі. Напрыклад, чытала кавалкі з кнігі "Тэатральныя дэманы". І гэта было зусім не тое, што я люблю, постмадэрнізм ад мяне далекаваты, але новая кніга чымсьці зачапіла.
Гэта манатонны аповед, які заварожвае, чытаеш як мантру ці малітву. Жыціе Марыі, якая жыве ў звычайным постсавецкім горадзе. Такі кожны з нас можа бачыць з акна дома ў любым спальным раёне, на Ангарскай ці ў Серабранцы, у Шабанах ці Чыжоўцы. Аднатыпныя шэрыя дамы, пабудаваныя паводле адных праектаў, аднолькавыя шэрыя жыхары, якія перасоўваюцца па жыцці, быццам лялькі ў руках вопытнага лялечніка.
Не верце анатацыі, якая кажа пра тое, што ў гэтай кнізе ёсць герой і сюжэт. Герой так, безумоўна ёсць, мы нібыта знаходзімся ўнутры галавы Марыі. А вось з сюжэтам усё больш складана, бо на працягу кнігі не адбываецца амаль нічога. Толькі апісанні аднолькавых дзён з жыцця Марыі, якая механічна перасоўваецца, сустракаецца з людзьмі, жыве. А на фоне яе жыцця вайна, якая аднекуль паступова насоўваецца, але зусім не хвалюе Марыю. Магчыма, гэта алюзія на тое, што зараз адбываецца ў суседняй краіне.
Марыя фіксуе кожны элемент навакольнай рэчаіснасці, нібыта спрабуе захаваць гэтыя моманты ў сваёй галаве, назаўжды запомніць іх такімі. Але збольшага яе жыццё пустое і бессэнсоўнае, самотнае. А ўвесь горад жыве ў прадчуванні, што вось-вось, ужо хутка, прагрыміць. І яна грыміць, вайна… Але толькі не для Марыі.
Кніга поўная біблейскай паэтыкі і вобразаў, якія будуць добра зразумелыя абазнанаму чытачу. Не летняя чытанка на пляж, а кніга для ўдумлівага азнаямлення. Творчасць Іллі Сіна спецыфічная, але зачароўвае. Не шорт-ліст Гедройца, але адметная з'ява сучаснай літаратуры.
картинка xbohx

Комментарии


шорт!:)