Больше цитат

irlyapko

2 июня 2014 г., 07:58

Але хіба гэта адно вярэдзіць душу? Перайначваць, мяняць багата што трэба ў заведзеным ад веку парадку — от што асабліва точыць. Нядобра думаць што паганае пра родны кут, але ж у сенцы зайсці брыдка, такім смуродам б'е там, дзе чвякаюць, вішчаць парасяты. Нібы нельга трымаць парасят у закутку ў хляве! Цвілы, кіслы нейкі пах не выходзіць з хаты: можа, ад тых жа парасят, якіх іншы раз — от парадак жа — кармілі ў хаце! Спрабаваў — як калісьці казарму — праветрываць хату, але толку мала — пах не выходзіць. І невядома, як выжыць яго! Ды і як тут выжывеш, калі бацька і матка прывыклі, як бы і не чуюць яго. Заікнуўся раз Міканор пра гэты пах, дык матка зірнула так, нібы ён гаворыць абы-што.
— Ето табе здаецца, Міканорко, — сказала спакойна, упэўнена. — Здаецца, што нядобра пахне. Як помню, так пахло. І ў другіх так жа ж…
От жа адказ — у другіх так! А калі ў другіх нядобра робяць, дык і ўсім так трэба? Гэта ж праўда: нядаўна заходзіў да Зайчыка — дык парасяты ў хаце, можна сказаць, побач з дзецьмі. Дзеці лазяць, гуляюць каля іх, між іх, у разлітай парасячай паліўцы, а Зайчыкам — хоць бы што, як бы так і трэба. Калі сказаў ім, дык Зайчык пажартаваў, што невядома каго яшчэ даглядаць лепей трэба! Дзяцей, маўляў, вунь сколькі, а парасят — двое!