goldfish19

21 декабря 2022 г., 10:39

Лабановіч пачаў крыху трывожыцца. Янка дастаў з бакавой кішэні ліст паперы, сеў бліжэй да цьмяна гарэўшай лямпы. Да яго падсеў і Лабановіч. Угары на разгорнутым лісце паперы былі напісаны ад рукі, а потым адбіты на шапірографе два словы: «Таварышы настаўнікі!» А далей ішоў тэкст звароту:

«Група нашых таварышаў-настаўнікаў, якія сабраліся летам гэтага года ў сяле Мікуцічы для абмеркавання сваіх прафесіянальных інтарэсаў, асабістых і школьных, зволена з настаўніцкіх пасад бяздушнымі чыноўнікамі-бюракратамі. Ні расследавання, ні суда над імі не чынілі, угледзеўшы, як відаць, у сходзе настаўнікаў бунтарства і крамолу. Мы самым катэгарычным чынам пратэстуем супраць такой паліцэйска-бюракратычнай расправы над нашымі таварышамі і калегамі. Мы зварачаемся да ўсіх настаўнікаў Мінскай губерні — выказаць самы рашучы пратэст з поваду расправы над нашымі калегамі. Пасады зволеных настаўнікаў аб'яўляюцца пад байкотам. З пачуцця таварыскай салідарнасці ніхто з настаўнікаў не павінен займаць месцы зволеных таварышаў, каб не пераходзіць у лагер іх ворагаў».

Унізе было напісана:

«Ад групы настаўнікаў Мінскай губерні».