Больше цитат

Wild_Iris

18 января 2013 г., 19:08

Стол наш высокі і дрэнны, абы-як пакрыты нячыстым абрусом. Зэдлік ківаецца на няроўных ножках. На акне, дзе пабіта шыба, змякла скомканая старая кохта. На лаўках валяюцца крошкі ад хлеба, дробнае рыззё і ўсякае шумецце. На падлозе насмечана і наліта, валяюцца кійкі, стружкі, дзяціныя цацкі і брудныя ашмёткі, — як дзеці гулялі, так і засталося, На палу — склычаныя і незасланыя пасцелі. А ўздоўж сцяны там усякая адзежа грудам, — навалена, як трапілася. Над дзвярмі, на калках, пара хамутоў, каб раменныя гужы на дварэ не замярзалі і не псаваліся; і вісячыя канцы заўсёды б'юць па шапцы на парозе, як быццам хто наўмысля іх адкідае. Ад дзяцінае люлькі і з печы, дзе сушацца абмочаныя сеннікі, цягне цяжкім смуродным духам. Цэбар з памыйкамі, кадушка з лугам, абвязаная маміным фартухом і абсыпаная залою і попелам, ночвы з мукою і свіны жолаб з мякінаю, зялёны, ніколі не чышчаны самавар з пагнутым бокам і без ручкі, глёк з дзёгцем, пляшкі з красінам, рэшата ў муцэ, атопак з канцом аборыны... а наліта, не сцёрта... Прусы абгрызлі на сцяне газеціну, прылепленую мякішкам, вылезлі і шаволяць вусамі, бегаюць!..