Больше цитат

mazurka_t

22 апреля 2012 г., 22:36

Не ведала Аўдоцця, што ёсць на свеце чалавечыя натуры, глыбейшыя за любы калодзеж, і калі аднойчы ўпадзе ў іх кветка кахання, дык ніякія бурныя хвалі не выкінуць яе назад, ніякая крыўда не прымусіць чалавека абразіць гэта каханне скаргай, выказанай уголас. Нож праткне сэрца, але з вуснаў не зляціць слова асуджэння, таму што літасць яго большая за ўсякае цярпенне. І хоць бы ад гэтага асуджэння ў вінаватага і волас не ўпаў з галавы, ён не будзе асуджаць яго. Хоць бы асуджэнне гэта і зняло боль з сэрца, ён яго не вымавіць і ўсяляк, хоць бы нават хлуснёй, прымусіць змоўкнуць іншых. «Як жа гэта? Ганьбіць тую, на грудзях якой мне сніўся залаты сон майго жыцця? - гаворыць ён сабе. - Асуджаць тую, для якой я гатоў быў праз агонь і ваду, па камяністых шляхах, праз полымя пекла прынесці блаславенне? Праклінаць тыя дні, калі нам спявалі дрэвы, шчабяталі птушкі і з усіх вытокаў жыцця білі гаючыя крыніцы? Магчыма, усё гэта быў толькі сон, міраж, які развеяўся, як лёгкі туман, мільгануў маланкай, пасля якой засталася цемра, але нічыёй віны тут няма, а калі ёсць, дык толькі мая, а не той, якую асуджаць я не хачу і не магу»