Больше рецензий

Torvald5

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

18 ноября 2017 г. 11:35

175

4

Анатоль Вярцінскі – адзін з найстарэйшых сённяшніх беларускіх паэтаў. Своеасаблівы аксакал айчыннай літаратуры. Таму і цяперашняя паэзія ягоная – мудрая і спагадлівая. Яна пра любоў і дабрыню, пра светлыя пачуцці і годныя ўчынкі.

Зборнік “Жыцьмем” складзены з найноўшых вершаў і малавядомых паэм паэта, якія раней не друкаваліся ў фармаце кнігі. Вершы, а гэта пераважна грамадзянская лірыка, сведчуць пра тыя думкі і развагі, з якімі сёння жыве паэт. Яны не вясёлыя. У вершы “Параўнанні” Анатолю Вярцінскаму “прыходзіць на падмогу параўнанне – як сродак спасціжэння і пазнання”. На чыгуначным вакзале ў паэта, гледзячы на натоўп, дзе кожны пасажыр спяшаецца на свой цягнік, нараджаецца першае параўнанне: “Гэта ж мы, беларусы, сёння на новым гістарычным раздарожжы, вось так мітусліва снуём, кідаемся ў розныя бакі, бяжым кожны на свой цягнік...” Другое параўнанне выклікалі гадзіннікі ў кватэры паэта, якія пачалі паказваць розны час: “Распалася сувязь часоў і падзей. І вось мы блукаем сёння ў часе. І вось жы жывём па розных гадзінніках, ня вельмі імкнучыся звяраць іх”. А калі паэт пабачыў, як сварацца цыганы, дзе не зразумееш, хто на якім баку і ў чым прычына сваркі, то ўзнікла трэцяе параўнанне “Тое, што адбываецца ў краіне, калі нас падзяляюць і свараць, калі нас сутыкаюць ілбамі...” Чацвёртае параўнанне прыйшло паэту ў сне. Прыснілася яму, што на прывакзальнай плошчы сабралася шмат людзей, але ніхто ня ведае навошта, з якой нагоды. І гэтае няведанне нараджала няўпэўненасць і ўсім робіцца страшна. “І мы пачынаем усім гуртам бегаць, мітусіцца, кідаемся ў розныя бакі... Які сялянскі сын ня ведае, што ўяўляе сабой бег спуджанага статка!” І гэтыя паэтычныя параўнанні – як адмысловы аналіз нашых цяперашніх беларускіх праблем.

У кнізе шмат прысвячэнняў, эпіграфаў і вершаў з розных нагод. Таму кніга ўспрымаецца як своеасаблівы паэтычны дзённік. Ёсць нават верш пра тое, як адбываюцца суды над затрыманымі пасля масавых акцыяў пратэсту. “Вось дык дзіва! Вось дык цуд! Што ні суд – усё той жа прысуд... Тут - рабацяга й інтэлігент. Хуліган – студэнт, хуліган – прафесар, хуліган – дацэнт, хуліган – слесар, хуліганы – паэт, мастак і артыстка, хуліганы – вернік і атэістка...”

Неяк заўсёды Вярцінскі мне ўяўляўся, як такі паэт філосаф, які шмат ведае пра жыццё, які не вучыць як жыць, а толькі гаворыць жыццёвыя мудрасці, а ты ўжо сам вырашай, ці прыслухоўвацца да іх, ідучы па сваёй жыццёвай сцяжыне, ці толькі ўспрымаць як прыгожыя словы і вобразы. І гэтай кніжкай ён толькі ўмацаваў маё ранейшае ўяўленне.

Ёсць у зборніку і аптымістычныя вершы, як напрыклад гэты, які заканчаецца такімі радкамі:

Будуць воля, ды “Пагоня”,
Ды паходня палаць ясна, -
І не згінем мы сягоння,
Ну а заўтра жыцьмем шчасна.