Torvald5

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

15 ноября 2017 г. 20:55

47

4

Увогуле цяжка паверыць, што зборнік навелаў «Матылі» - гэта першая кніга Паліны Качатковай. Бо яе творы памятаю яшчэ з 90-х гадоў, калі Паліна друкавалася ў тыднёвіку “Наша Ніва”. А ў нулявых яе кароткая проза амаль штогод з’яўлялася ў часопісе “Дзеяслоў”. Дарэчы, менавіта ў “Дзеяслове” ў 2005 годзе і была надрукавана навела “Начныя размовы пра матылёў”, якой пачынаецца кніга.

Не ведаю, ці мела пісьменніца нейкую канцэпцыю, калі ўкладала сваю першую кнігу, і па якому прынцыпу яна адбірала творы для зборніка. Мне падаецца прынцып быў адзін – сабраць пад адну вокладку ўсё самае любімае, дакладней тое, што мае для аўтаркі асаблівую каштоўнасць. Таму кніга атрымалася досыць стракатай і рознапланавай.

Усе тэксты, змешчаныя ў зборніку, можна ўмоўна падзяліць на тры групы – настраёвыя лірычныя навелы, успаміны дзяцінства і блізкіх людзей і нізка тэкстаў, аб’аднаная тэмаю Максіма Багдановіча, якая мае назву “Цені”. Чаму тэксты пра Максіма Багдановіча трапілі ў кнігу лёгка патлумачыць – Паліна ў 90-х працавала ў сталічным музеі легендарнага паэта і непасрэдна займалася багдановічазнаўствам. У 2003 годзе пісьменніца наведала Феадосію, Стары Крым і Кактэбель і апісала тыя мясціны, дзе ў 1915 годзе ў Максіма Багдановіча разгортваўся курортны раман з замужняй жанчынай Клавай – гэтыя падзеі паэт апісаў у сваім славутым “Інтымным дзённіку”. Дзённік захоўваецца ў музеі Багдановіча і ніколі не друкаваўся, бо згоды на тое сярод беларускіх літаратуразнаўцаў па-ранейшаму няма.

Мне асабіста найбольш падабаюцца ўспаміны Паліны пра дзяцінства. Пісьменніца згадвае пра свае лялькі і лялькі сябровак і знаёмых, пра жывёл і сваю сабаку, пра гукі, з якімі атаясамляецца жыццё ў розных гарадах, дзе выпадала жыць, пра забавы і гульні. Чытаеш і разумееш, што гэта апісана жыццё з іншага стагоддзя, якое зусім не падобнае на жыццё сучасных дзяцей. А мінула ўсяго якіхсьці сорак гадоў.

Заканчваецца кніга нізкаю дзённікавых запісаў “Здрада цела”. Некаторыя падаюцца мне знаёмымі, і я згадваю, што чытаў гэтыя запісы ў блогу пісьменніцы.

“Захопленая сваімі страхамі і перажываннямі, не заўважаю і не разумею, што адбываецца навокал, гавару не з іншымі, а сама з сабою,” – піша піьменніца ў сваім дзённіку. Пра страхі і перажыванні звычайна пішуць шчыра, бо інакш не мае сэнсу ўвогуле пісаць. А матылі – як сімвал імклівасці і далікатнасці жыцця, асабліва, калі заўважаеш на сваім падваконні мёртвых матылёў, з крылаў якіх абляцеў пылок і яны робяцца празрыстымі, паветранымі, практычна нематэрыяльнымі.

Комментарии

Комментариев пока нет — ваш может стать первым

Поделитесь мнением с другими читателями!