26 сентября 2015 г. 16:35

1K

5

У спрэчках наконт таго, ці з'яўляецца Адам Міцкевіч беларускім паэтам, маўляў нарадзіўся ў Наваградчыне, але пісаў на польскай мове, многія не паглыбляюцца ў факты. А фактам з'яўляецца тое, што сучасныя аўтару польскія крытыкі ў Варшаве не прымалі яго за спадчынна польскага пісьменніка, бо ў яго тэкстах пераважалі нашы гаворкі, чаго А.Міцкевіч не цураўся, а наадварот большаў у сваіх творах.
Але зараз не пра гэта, а пра вяршыню творчасці класіка - паэму "Дзяды". Так, я не памыляюся, менавіта вяршыню. Гэта як "Фауст" з'яўляецца вяршыняй у Гётэ. Не школьны "Пан Тадэвуш", не "Крымскія санеты", а менавіта "Дзяды". Зразумела, "Пан Тадэвуш" пра нашу айчызну і ў ім ёсць шчыры патрыятызм, але вечным творам (на ўсе вякі, для ўсіх народаў) з'яўляюцца менавіта "Дзяды". У гэтым творы прысутнічае (не пабаюся гэтага слова) сусветная філасофская глыбіня, якая прысутнічае і ў нямецкага класіка. Нездарма згадаў менавіта Гётэ, бо ў "Дзядах" прысутнічаюць пераклады нямецкага паэта, якога вельмі паважаў А.Міцкевіч, а эпізод з выгнаннем д'ябла нагадаў менавіта мефістофелеўскую тэматыку ў "Фаусце". Увогуле містыцызм свята Дзяды ўражвае, чым не мог не скарыстацца паэт-рамантык.
Можна параіць пачытаць "Дзяды" тым, хто любіць гісторыі пра палтэргейсты, але я звярнуў бы ўвагу на аўтабіяграфізм гэтага твора. У вобразе "прывіда", безумоўна, прасочваецца асабістая трагедыя Адама Міцкевіча, які пакутуе з-за таго, што суджанай наканавана быць з іншым. Пры тым гэтыя пакуты абвастраюцца, калі лірычны герой знаходзіцца побач з імі.
Дзіўнай можа падацца форма твора, часткі якога не зусім лагічна звязаны, але ў гэтым дадатковая загадкавасць "Дзядоў", з'яўляецца магчымасць уласнай чытацкай інтэрпрэтацыі, бо ўсе гэтыя часткі самадастатковыя, нягледзячы на вялікую колькасць персанажаў гістарычна рэальных і выдуманых аўтарам. Напрыклад, частка пра Пецярбург уражвае... але што я буду вам усё расказваць - пачытайце самі! Прыемнага чытва!

Комментарии

Комментариев пока нет — ваш может стать первым

Поделитесь мнением с другими читателями!