Больше рецензий

Torvald5

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

12 декабря 2020 г. 11:24

155

4

Сёлета Анатоль Вярцінскі атрымаў літаратурную прэмію імя Міхася Стральцова. Як вядома, гэтая прэмія прадугледжвае выданне кнігі выбранага з усёй творчасці лаўрэата. У выніку напачатку года пабачыла свет кніга Вярцінскага “Тым часам…”. Відавочна ўкладальнікі кнігі, праглядаючы ранейшыя выданні паэта, гарталі і гэты зборнік вершаў, які называецца “Час першых зорак”.

Ці не самы вядомы верш з гэтага зборніку – “Поезд справядлівасці”. Як раз у лаўрэацкім зборніку «Тым часам…» змешчана эсэ “На душы – журба, або Падарожжа да Міхася Стральцова”. У ім і згадваецца гісторыя напісання верша. “Мы былі побач на нашумелым пятым з’ездзе пісьменнікаў, і ён з захапленнем (не перабольшваю) гаварыў мне пра мой верш “Поезд справядлівасці”, які мне ўдалося надрукаваць напярэдадні з’езда, - у падтрымку Васіля Быкава”.

Такім чынам, верш пісаўся ў падтрымку Васіля Быкава, а праз нейкі час ён набыў універсальнае гучанне пра тое, што “поезд справядлівасці часта спазняецца”. Вось і ў нашыя сённяшнія дні ён катастрафічна спазняецца.

Увогуле паэзія Анатоля Вярцінскага вельмі гуманістычная і чалавечная. Зборнік "Час першых зорак" пачынаецца вершам “Зарніцы”. Лірычны герой верша не проста замілоўваецца прыгажосцю зарніц.

Я загрукаю ў аканіцы,
я людзей разбуджу,
абвяшчу:
“Людзі, бачыў я зноў зарніцы! –
Быць дажджу,
залатому дажджу!”

То-бок, лірычны герой імкнецца добрую вестку данесці да людзей, нагадаць пра прыгажосць.

А гэты прасценкі верш можа быць нават жыццёвым крэда Вярцінскага.

Бачу я: нехта некага любіць.
Гэта іх справа,
гэта іх права.
Бачу я: нехта некага губіць,
Тут і мая ўжо справа.

У вершы “Да герояў” паэт спрабуе зразумець так бы мовіць матывацыю геройскага ўчынку, якімі часам бароняць гонар і годнасць - “толькі каб застацца людзьмі!”

Гэта быў як выбух
вашай гарачай любві.
Гэта быў як выбух
разгневанай крыві.
Гэта было галашэнне –
дашчэнту і датла.
Гэта было празарэнне,
была перамога святла.