Больше рецензий

6 апреля 2012 г. 01:39

58

3

Лепшыя творы гэтай кнігі схаваны ў канец, што спачатку здаецца несправядлівым, а потым — адзіна вартым. Чытач мусіць прайсці тэст на "свайго/чужога" — і альбо застацца, альбо адмовіцца.

Што такога дзіўнага ў "Творах соннага жанру"? Спалучэнне неспалучальнага! З фармальнага гледзішча можна сцвярджаць, што Вера Бурлак закранае ў сваіх тэкстах праблемы быцця (адзінота, жыццё і смерць, каханне і забойства) і псіхалагічныя (як быць маменькіным сынком, што значыць быць разумным, жыццё з алергіяй, жыццё з псіхічнымі парушэннямі, дзіцячая свядомасць, пакінутыя дзеці, пазашлюбная цяжарнасць, тое, што мусіць быць недатыкальным). Усё гэта ў кнізе ёсць — і адначасова няма, бо гаворка нават на вельмі важныя тэмы вядзецца ў стылі, які нівеліруе сур'ёзнасць праблемы. І менавіта праверку на прыманне аўтарскай інтанацыі мусіць прайсці чытач: <І>"А Гаспадар каменя яго за гэта жорстка пакараў: зрабіў самым разумным" ("Язмінчыны калядкі").

Вера Бурлак у прозе (зрэшты, як і ў вершах, бо чытач ведае аўтарку кнігі найперш як паэтку) стварае мастацкі свет, дзе няма нічога страшнага, дзе нават страшнае — нястрашнае. Эфект ускладненага аптымізму і алагічнай бесклапотнасці дасягаецца за кошт адмыслова выбранага ракурсу.

Інфантыльны герой Веры Бурлак (дарэчы, вобраз аўтара ў кнізе таксама адпаведны) толькі канстатуе рэчаіснасць, а аналіз яе і высновы пакідае на сумленне чытача. У тэкстах адсутнічае ацэнка ўчынкаў герояў па шкале "дабро — ліха": насельнікі твораў сонных жанраў не робяць кепска альбо выдатна, яны проста адчуваюць і дзейнічаюць: "Язмінка падумала, што, мабыць, так яно і лепей, і засталася жыць з дачушкай адна. Чужым на пытанне, адкуль дзіця, адказвала: "Накалядавала". Здавалася б, пытанне й вырашана" ("Язмінчыны калядкі"). Героі не бываюць шчаслівымі альбо няшчаснымі: "Усе вельмі хочуць, каб я быў рады. Я ведаю, што ад гэтага яны ўсе вельмі ўзрадуюцца. Яны глядзяць і чакаюць. Я ўсміхаюся" ("Неніу і Арыядна (апавяданне забойцы)"). Героі жывуць і не наяве, і не ў сне. Яны жывуць так, нібыта можна будзе яшчэ раз пражыць жыццё і выправіць тое, што не спадабалася.

Паказаць свет вачыма наіўнага, інфантыльнага героя — прыём сам па сабе не новы (у беларускай літаратуры можна ўзгадаць нават прыклады з мяжы ХІХ —ХХ стст. — "Кепска будзе" Ф. Багушэвіча ці "Зарабляюць" Ядвігіна Ш.), хіба толькі матывацыя для звароту да гэтага прыёму іншая. Навошта патрэбен герой, які не хоча і не можа зразумець, што адбываецца ў ягоным жыцці? Даследчыкі творчасці пакалення 30-гадовых, да якога належыць і Вера Бурлак, сцвярджаюць, што ва ўсім свеце гэтая генерацыя, што не можа навучыць свайго чытача жыць, выбірае гульню ў творчасці.

Сказаць, што ў гэтай кнізе Вера Бурлак проста гуляе ў літаратуру, — будзе значным спрашчэннем. А калі гульня — то гульня кандыдата філалагічных навук, аўтара манаграфіі пра дзіцячую паэзію, выкладчыка рускай літаратуры, творцы, які ўлічвае спецыфіку ўласнага таленту. Гульня па сваіх правілах.

Аксана Бязлепкіна