Больше рецензий

Morra

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

21 мая 2019 г. 20:53

596

3

Падыходзіла да кнігі з нейкай (добра, досыць вялікай) доляй скептыцызму, але ўраджанні засталіся ў цэлым прыемныя. Я не ўспрымаю апавяданні кшталту "Гонар і прадузятасць і зомбі" як мастацкую літаратуру, хутчэй як модную гульню з чытачом. Бо што перашкаджае аўтару стварыць свой, цалкам унікальны твор, а не паразітаваць на чужым?.. Але Уладзіміра Садоўскага гэта датычыцца ўскосна - ад "моднага" тут толькі хадзячыя мерцвякі, аднак яны добра ўкарэнены ў айчынную глебу. Маладзечна, вясна пасляваеннага 1813 года, граф А., які вяртаецца ў родныя мясціны, жахлівыя апавяданні і яшчэ больш жахлівая рэчаіснасць, калі мёртвыя французы пачынаюць рухацца ў пошуках жывога. Якое-ніякое абгрунтаванне, вусцішная атмасфера, хуткія павароты сюжэту - як быццам усё добра. Не зусім зразумела для мяне, навошта ў якасці галоўнага герою выводзіць Міхала Клеафаса Агінскага, бо асоба знакамітага кампазітара і дзяржаўнага дзеяча фактычна ніяк не раскрываецца за выключэннем невялічкага эпізода, калі Агінскі нешта там складае. Не абгрунтавана атрымліваецца. Другі штучны момант - гэта псіхалогія герояў. Яны размаўляюць і разважаюць як нашы сучаснікі, а не людзі пачатку XIX стагоддзя. Але, магчыма, для апавядання ў жанры хорар гэта не надта важкая заўвага. У рэшце рэшт, чаму б не з'явіцца твору пра зомбі ў сучаснай беларускай літаратуры? Прычыніліся, так бы мовіць, да сусветных тэндэнцый. З невялікага "1813" можна было б стварыць раман-"страшылку", а гэта добры знак, патэнцыял ёсць.

З іншых апавяданняў праз тыдзень узгадала толькі адно - "У мяне няма пачуццяў, але я павінен кахаць". Вельмі добрая ідэя, чымсьці нагадвае "Салярыс". "Начны пастаялец" - бессэнсоўны і вельмі аматарскі, я сама пісала нешта падобнае ў студэнцкія гады. "Забі гэта!" выклікала вельмі моцнае адчуванне дэжавю (і зноў жа - сучасная псіхалогія ў мінулыя часы). Астатнія апавяданні неблагія, але адчуваецца моцны ўплыў класікаў фантастыкі. Усё гэта ўжо было. Навізна - фактычна толькі ў месцы дзеяння. Дык гэта для нас навізна, для беларусаў. Але ўвогуле усё гэта выглядае добра для першай спробы пяра. Цікава пабачыць, што Уладзімір Садоўскі прапануе чытачам гадоў праз дзесяць.

Комментарии


я ўжо недзе пісаў, што "У мяне няма пачуццяў..." пісалася на конкурс фанфікаў казкі "Прыгажуня і пачвара" ) ну а назва відавочна адсылачка на Харлана Элісана)


Трэба нарэшце за Элісана ўзяцца, чытала ў яго некалькі апавяданняў. :)