Рэдактар спыніўся каля... «На ростанях»
goldfish197 ноября 2022Рэдактар спыніўся каля стала, шырока развёў рукі.
— Што я бачу! Змаганне на зялёным полі!.. О, людзі, людзі!! Як далёка адышліся вы ад законаў разумнага жыцця!
— Так, дружа рэдактару, жыццё — гэта адвечнае змаганне. I гора тым, хто будзе пераможан! — тонам філосафа адказаў Тарас Іванавіч. Ён нават не павярнуўся ў бок рэдактара і не ўсё чуў, што той сказаў: трэба было сачыць за платаю.
Памахайлік дадаў:
— У поце ліца твайго будзеш ты есці хлеб твой.
— Не трудзівыйся да не яст,— уставіў і сваю ўвагу Найдус.
А рэдактар як бы не чуў нічога гэтага і казаў далей:
— Там, за гэтымі сценамі, вялікі дом прыроды. Столь яго — неба, расквечанае зорамі. Памост — зямля, дзе чуецца дыханне травы і красак. Там прастор, якому няма граніц. Там кніга адвечнай мудрасці разгортвае свае таямніцы. Вы, у каго ёсць вушы, каб чуць, і вочы, каб бачыць! Ідзіце на прастор, разніміце крылле мыслі, каб пазнаць парадак рэчаў і атрэсці фуз, бруд і пыл, бо імі заслеплены вочы вашы, бо вы замкнуліся ў цесныя сцены, вы прыйшлі ў катух, поўны смуроду, вы атруцілі яго сваім дыханнем.
600