— Не спяшайцеся,— махнуў... «На ростанях»
goldfish194 июля 2022— Не спяшайцеся,— махнуў рукою а. Кірыл.— Вы думаеце, яны, гэта быдлё, зразумеюць, што вы для іх будзеце старацца, вучыць іх? Вы не ведаеце мужыка: зрабі яму дабро — ён адплаціць табе самай чорнай непадзячнасцю. Мужык — гультай, злодзей, п'яніца. Толькі і глядзіць, як абадраць цябе, ашукаць. Ніякай веры няма яму. Ён гатоў цябе ўтапіць, прадаць за чарку гарэлкі. Іх трэба ўзяць — во! — Айцец Кірыл згарнуў кулакі і патрос імі, паказваючы, як трэба трымаць мужыка.
Лабановіч ніяк не спадзяваўся, каб а. Кірыл мог да такой меры не любіць мужыка, і наогул, каб у такім маленькім папку магло змяшчацца столькі нянавісці.
— Вы папрабуйце купіць у мужыка кусок хлеба ці шклянку малака. Што, ён прадасць вам? Ніколі. Гандляру прадасць, вам — ні за якія грошы!
Лабановіч нецярпліва чакаў, калі скончыць выліваць сваю злосць а. Кірыл, каб заступіцца за мужыка. Лабановіч быў пакрыўджан, як мужыцкі сын. Ці даўно яму самому, калі вучыўся ён у семінарыі, крычалі мешчанчукі: «Лямец, лямец! На якой бярозе ты лапці павесіў?»
— Розгамі яго трэба сеч! — скончыў а. Кірыл і гнеўна бліснуў вачамі.
— Я не магу згадзіцца з тым, што сказалі вы, а. Кірыл. Нават і тады, калі гэта ўсё было б праўда,— пачаў Лабановіч,— і тады нельга судзіць так мужыка. Вы кажаце — мужык скарэй прадасць гандляру, чым пану, бо пад паняцце «пан» у мужыка часта падыходзіць кожны, хто носіць цэшку або чорнае паліто. Гандляра ён ведае, з гандляром ён жыве; часам і лае яго і ў морду яму плюе. На мужыка прывыклі пазіраць, як на пчалу або на нейкую машыну, якая павінна ўсё вырабляць, усім даваць і яшчэ пры гэтым казаць і кланяцца: «Дзякую, што бераце». I ўсе так ці іначай бяруць ад мужыка: бяруць сілаю, бяруць хітрыкамі, бяруць ашуканствам. А мужыку многа далі? Паважаюць мужыка? Хто вінават, што мужык неачэсаны, што мужык цёмны і жыве па-свінску? У Святым Пісанні напісана: «Якою мераю мерыце вы, такою адмерыцца і вам».
Айцец Кірыл слухаў, апусціўшы вочы, і стукаў пальцамі па стале.
— Вы яшчэ мала ведаеце мужыка,— спакойна адказаў а. Кірыл,— што б вы мне ні казалі, я буду цвярдзіць сваё: мала білі мужыка!
549