Больше цитат

atunadanuta

16 октября 2020 г., 19:07

ЯНКА. Глядзеце толькі, каб гэты гэр Спічыні вам не ўставіў і тут спіц, як і перад нямецкай сытуацыяй.
МІКІТА. Меджду протчым, гэр Спічыні таму не вінен, што напладзілі сабе людзі языкоў, як тая трусіха трусянят, і мне, меджду протчым, як ідуць немцы — вучыся па-нямецку, як ідуць палякі — вучыся па-польску, а як будуць ісці нейкія іншыя — вучыся па нейкаму па-іншаму. I гэр Спічыні тут ні пры чым. Эх, каб я быў, меджду протчым, царом! Завёў бы я ад Азіі да Аўстраліі, ад Афрыкі да Амэрыкі і ад Смаленску да Бэрліну адзін непадзельны рускі язык і жыў бы сабе тады прыпяваючы. А то круці галавой над языкамі, як баран які над студняй.
ЯНКА. Бачыў бог, што не даў свінні рог, а рэгістратару панавання. Але чаму б вам, колежскі рэгістратар Нікіцій Зносілов, не стацца тым, чым вы самдзеле ёсць: Мікіта Зносак — і мілагучна, і па-тутэйшаму, ды языкоў не трэба мяняць, як цыган коні?
МІКІТА. Як гэта разумець, меджду протчым?
ЯНКА. А надта проста: стаць на свой тутэйшы грунт, на той грунт, на якім узраслі вашы бацькі, дзяды.
МІКІТА. Меджду протчым, вы напамыкаеце, сябра беларус, каб я стаў не на свой, а на ваш — беларускі, хэ-хэ-хэ! грунт.
ЯНКА. А хоць бы й так.
МІКІТА. Меджду протчым, пане настаўнік, яшчэ я не ўпаў з сваім гонарам так нізка, каб лезці ў вашу, выбачайце, мужыцкую беларускую кампанію. Вы, можа, параіце мне яшчэ і вашага Тарашкевіча граматыку зубрыць?
ЯНКА. А чаму ж бы не?
МІКІТА. Ха-ха-ха! Ха-ха-ха! I жартаўнік жа вы, дзядзька беларус, незвычайны вы жартаўнік! Ха-ха-ха! Не маючы што рабіць, інтэрнацыянальная інтэлігенцыя выдумала гэты нейкі нацыянальны беларускі язык, а вы хацелі б заставіць нас, руска-ісціную тутэйшую, меджду протчым, інтэлігенцыю, сушыць над ім свае апошнія мазгі. Ха-ха-ха! Вось дык дадумаліся! Ха-ха-ха! Меджду протчым, пане беларус, мне ваш (з націскам) «дэмократычны» язык непатрэбен, калі я маю свой, меджду протчым, мацярынскі рускі язык.
ЯНКА. О так, так! Для вашага гонару падавай вам мацярынскі язык цароў, Мураўёвых-вешацеляў, Распуцінаў, Азэфаў і ўсея кампаніі падобных ім, а на свой, папраўдзе для вас родны, як вы кажаце, язык вам напляваць. Эх, русацяп вы, русацяп! Але годзе аб гэтым! Калісь вы, пане рэгістратар, апомніцеся, але каб не было запозна.