* * * Пасеклі край наш... «Выбраныя творы»
akrav_azlani14 марта 2019•Видна всем* Пасеклі край наш папалам, Каб панскай вытаргаваць ласкі. Вось гэта — вам, а гэта — нам, Няма сумлення ў душах рабскіх.
І цягнем мы на новы строй Старую песню і чужую: Цыгане шумнаю талпой Па Бесарабіі качуюць...
За ўсходнім дэспатам-царком Мы бегаем на задніх лапах, Нью-Ёрку грозім кулаком І Чэмберлена лаем трапна.
Засыплем шапкамі яго, Ура, ура — патопім ў соплях. А нас тым часам з году ў год Тут прадаюць ўраздроб і оптам.
Мы не шкадуем мазалёў. Мы за чужых праклёны роім, Але без торгу і без слоў Мы аддаем сваіх герояў.
Не смеем нават гаварыць І думаць без крамлёўскай візы, Без нас ўсё робяць махляры Ды міжнародныя падлізы.
Распаўся б камень ад жальбы Калі б ён знаў, як торг над намі Вядуць маскоўскія рабы З велікапольскімі панамі.
О, ганьба, ганьба! Ў нашы дні Такі разлом, туга такая! І баюць байкі баюны Северо-Западного края...
Плююць на сонца і на дзень. О, дух наш вольны, дзе ты, дзе ты? Ім мураўёўскі б гальштук ўздзець, Нашчадкам мураўёўскім гэтым...
Але яшчэ глушыце кроў. Гарыць душа і час настане, Калі з-за поля, з-за бароў Па-беларуску сонца гляне.
Тады мы ў шэрагах сваіх, Быць можа, шмат каго не ўбачым. З тугою ў сэрцы ўспомнім іх, Але ніколі не заплачам.
А дзень чырвоны зацвіце, І мы гукнем яму: «Дабрыдзень». І са шчытом ці на шчыце Ў краіну нашу зноў мы прыйдзем.
[1928]
1 понравилось
219