Больше рецензий

Torvald5

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

15 июня 2018 г. 14:42

356

5

Сёлета журы літаратурнай прэміі “Дэбют” не адзначыла ніводнай дэбютнай кнігі паэзіі, патлумачыўшы гэта тым, што летась не выйшла ніводнай вартай увагі. Беларускія выдаўцы ў адзін голас наракаюць: выдаваць паэзію – суцэльная страта, бо паэтычныя кнігі вельмі-вельмі кепска прадаюцца. Усё гэта нядобрыя званочкі для беларускай паэзіі. І я паспрабаваў высветліць: дык што сёння адбываецца ў айчыннай паэзіі і ці сапраўды яна плытчэе і драбнее.

Міхал Бараноўскі набыў вядомасць найперш як музыка гурта “Нельга забыць” і як бард. Гэты шлях у паэзію, праз напісанне тэкстаў да песень, апошнім часам стаў досыць распаўсюджаным, дастаткова згадаць Кацярыну Ваданосаву, або Уладзя Лянкевіча. Іх зборнікі паэзіі вельмі часта ўтрымліваюць тэксты песень. Вось і ў зборніку Volumen.1 такіх тэкстаў нямала. Сам аўтар налічыў іх у невялікай кнізе на 56 старонак ажно 14. Гэтая акалічнасць і абумоўлівае змест зборніка і яго так бы мовіць танальнасьць. Тут зусім мала лірычных, сузіральных, ціхамірных вершаў. Тут пабудка – вершы гучныя, практычна набатныя. Прычым яны не грашаць голай дыдактыкай, надакучлівамі натацыямі і банальнай плакатнасцю. Тут няма чыста адраджэнскіх вершаў пра мову і Бацькаўшчыну. Хутчэй гэта зварот да агульначалавечых вечных каштоўнасцяў.

Пакуль мы расцем
Карэннем уніз,
А сэрцам цягнемся ўверх,
Яшчэ ёсць шанец застацца жывымі
Кветкамі па траве.

Часам у мелодыцы вершаў Міхала чуецца голас “Акварыюма” Грабеншчыкова. Нейкія іншыя ўплывы і рэмінісцэнцыі. Але зусім нечакана заўважаеш уплыў Алеся Разанава.

Лён – гэта дарога ў падсвядомасць.
Табе вырашаць:
Ісьці па следзе
Альбо самому.

У сваіх вершах Міхал не бывае разгубленым і прыгнечаным. Ён добра ведае, які бок мусіць заняць у гэтай вечнай барацьбе, ён пазначае свае арыенціры і свой шлях…

Ты казаў: “Патрывайце трошкі!
Можна жыць і з дзіравай душой…”
Як хочацца стаць Канстанцінам Астрожскім,
Каб справіцца з гэтай чумой…