Больше рецензий

Torvald5

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

24 мая 2018 г. 17:37

413

5

Упершыню гэтая кніга выйшла ў 1990 годзе. Праз 6 гадоў пасля смерці Уладзіміра Караткевіча. Яна з’явілася дзякуючы той вольнасці, якая паўстала ў беларускай літаратуры пасля знікнення абавязковай папярэдняй цэнзуры ў выглядзе такога цэрберскага інстытута як Галоўліт. Сам Мальдзіс у прадмове прызнаецца, што зусім нядаўна, гадоў 10 таму, такую кнігу ён бы не напісаў, бо, па-першая, яна б зашкодзіла самому Караткевічу, ён мог бы трапць у няміласць да ўлады, па-другое, яе проста б не прапусціў бы ў друк Галоўліт.

Пачынаецца кніга з першай рэцэнзіі Мальдзіса на твор Караткевіча – гэта быў раман “Нельга забыць”, які надрукаваў часопіс “Маладосць”. Пасля гэтай рэцэнзіі, якая з’явілася ў тыднёвіку “Літаратура і мастацтва”, пісьменнікі пазнаёміліся і пасябравалі. Пры першай жа сустрэчы, якая доўжылася да трох гадзін ночы, Караткевіч шмат цікавага расказаў і пра свой аўтабіяграфічны раман, і пра самога сябе. Мальдзіс занатаваў уражанні ад першай сустрэчы, таму апісаў яе падрабязна.

З кнігі, сярод іншага, можна даведацца нават пра радавод Караткевіча, які паходзіў з засцянковай шляхты. Падрабязна аўтар апісвае і тое цкаванне, якое перажыў Караткевіч на пачатку свайго творчага шляху. Моцна крытыкавалі і ягоныя вершы, і ягоную прозу. Але любоў чытача, асабліва пасля выхаду славутай аповесці “Дзікае паляванне караля Стаха”, прымусіла пераглядзець падыход да аршанскага таленту і застарэлых крытыкаў. Але ўсё адно друкарскі набор рамана “Нельга забыць” у выдавецтве быў рассыпаны і выйшаў асобнай кнігай толькі праз 20 гадоў.

Падрабязна аўтар апісвае сумесныя паездкі ў Вільню, дзе яны працавалі ў архівах, шукалі сляды Кастуся Каліноўскага, наведвалі старую мясцовую беларускую інтэлігенцыю, у тым ліку былога рэдактара часопіса “Калосьсе” Янку Шутовіча і мастака Пятра Сергіевіча.

Кніга чытаецца вельмі лёгка, бо яна насычана рознымі жартамі і прыгодамі Карткевіча, сярод якіх і гісторыя, як Караткевіч вырашыў выпіць з гейналістам на Марыяцкім касцёле ў Кракаве і чым гэта скончылася.

З кнігі таксама можна даведацца, што сябры ведалі пра напісанне трэцяй і чатвёртай кніг раману “Каласы пад сярпом тваім”. Але гэтыя рукапісы зніклі і дасёння не адшуканыя. Адам Мальдзіс мяркуе, што яны былі скрадзеныя ўлетку 1982 года, калі была абрабаваная кватэра Караткевічаў.

Напрыканцы кнігі Адам Мальдзіс параўноўвае Караткевіча з зоркай першай велічыні на небасхіле беларускай літаратуры. “Як Юрань, зорка Пярэдадня”.