Больше рецензий

Torvald5

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

22 мая 2018 г. 20:16

244

5

Кніга мяне па-сапраўднаму ўразіла. Хтосьці іншы мог прыехаць у гэтыя мясціны ўкраінскага Палесся, прайсці тымі самымі шляхамі і нічога падобнага не пабачыць. Таму, каб напісаць такую кнігу, трэба не толькі добра валодаць мастацкім словам, але і ўмець бачыць, дакладней, ведаць, як гэта зрабіць – убачыць. Ганна Кандрацюк прыехала на ўкраінскае Палессе знайсці выток Прыпяці, а ўбачыла і мінулае гэтых таямінічых, нават містычных, мясцінаў, і сучаснасць усёй сённяшняй Украіны.

Таму калі вы хочаце не толькі даведацца пра мінулае ўкраінскага Палесся, пра асаблівы менталітэт мясцовых людзей, пра тутэйшы фальклор, але вас таксама цікавіць як сучасныя падзеі ва Украіне ўспрымаюцца ва ўкраінскай глыбінцы, як тут людзі выжываюць у гэты няпросты час, у што вераць і на што спадзяюцца – то вам трэба абавязкова прачытаць гэтую кнігу Ганны Кандрацюк.

Ганна не проста праехала гэтыя схаваныя ў балоты постархаічныя мясціны, але і пагутарыла з мясцовымі людзьмі, адшукала тутэйшых краязнаўцаў і народных спевакоў, шаптух і святароў, удзельнікаў баёў на Усходзе Украіны і проста цікавых людзей. І гэтыя людзі падзяліліся з Ганнай сваімі думкамі і ведамі, разуменнем сённяшняга жыцця і метафізічнымі таямніцамі, як, напрыклад, шаптуха баба Маша.

Ёсьць мясціны ў кнізе, дзе і здзіўляешся, і ўсміхаешся, і разважаеш над прачытаным. Ганна нічога не прыхарошвае і шчыра піша пра тое, што пабачыла і пачула. Калі Маскоўскі патрыярхат праваслаўнай царквы тут дамінуе, то так пра тое і сведчыць. Калі людзі сталага веку па-ранейшаму настальгіруюць па савецкім часе, калі да іх штодзень прылятаў верталёт, прывозіў прадукты ў крамы, а людзі маглі гэтым верталётам дабірацца да суседных рэгіёнаў Украіны, то і пра гэта піша Ганна.

Але з іншага боку не збіраюцца мясцовыя палешукі выміраць і пакідаць родныя мясціны. Вёскі вялікія і шматлюдныя, у сем’ях нярэдка шмат дзяцей – па 10 і болей. Выжываюць сваёй працай. Перадусім працай на зямлі. І гаспадарку вялікую трымаюць, і на заробкі ездзяць у Расеі, Беларусь і Польшчу, і бурштын здабываюць, а некаторыя бабулькі нават кантрабандай падпрацоўваюць. І ўсе любяць сваю родную Украіну і лічуць сябе ўкраінцамі.