Больше рецензий

Torvald5

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

18 января 2018 г. 15:03

470

4

2017 год быў паспяховым для жаночай паэзіі. Па-першае, Наста Кудасава стала лаўрэаткай прэміі “Кніга года” за паэтычны зборнік “Маё невымаўля”. Гэтую прэмію прысуджаюць пісьменнікі – у галасаванні ўдзельнічаюць беларускія літаратары, якія ў адпаведны год выдалі свае кнігі. То бок прэмія ўяўляе сабой прызнанне ў літаратурным коле. А што можа быць больш прэстыжным?

Па-другое, упершыню ў беларускай літаратуры выйшла анталогія беларускай жаночай паэзіі міжваеннага перыяду “Бліскавіцы”, якую ўклалі Аксана Данільчык і Віктар Жыбуль.

Па-трэцяе, беларускія паэткі выдалі ў 2017 годзе нямала добрых кніг – як старэйшыя (Данута Бічэль, Людміла Паўлікава-Хейдарава, Людка Сільнова) – так і маладзейшыя (Вальжына Морт, Анхела Эспіноса Руіс, Вольга Гапеева, Кацярына Ваданосава, Яніна Пінчук).

Да гэтых поспехаў беларускай жаночай паэзіі варта дадаць лаўрэацтва Ганны Комар у міжнародным конкурсе Open Eurasia. Беларускую паэтку адзначылі прэміяй імя Марзіі Закір’янавай у намінацыі „Лепшы жаночы аўтар 2017 года”.

І як раз палетась (2016) выйшаў першы паэтычны зборнік Ганны Комар “Страх вышыні”. Кніга невялікая, усяго 68 старонак, але выглядае, што паэтка імкнулася зрабіць яе цэльнай. То бок усе вершы, укладзеныя ў кнігу, досыць блізкія між сабой і тэматычна, і стылістычна.

Вершы, якія складаюць аснову зборніка, ужо былі вядомыя чытачу па вялікай дэбютнай падборцы ў часопісе “Дзеяслоў”, трэці нумар за 2016 год. У нейкім сэнсе – гэта сублімацыйныя рэфлексіі, у якіх паэтка згадвае свае страхі і фобіі, спрабуе іх асэнсаваць і нават эстэтызаваць. Яна не ўцякае ад іх, не пазбаўляецца і не выціскае з сябе як нешта атруднае і агіднае. Паэтка наадварот спрабуе пагадзіцца з балючымі расстаннямі, пасябраваць са сваімі фобіямі, бо цалкам пазбавіцца ад іх, як не раз пераканалася лірычная гераіня кнігі, проста немагчыма.

Таму калі Ганна сышла, яны засталіся,
і запаўзаюць глыбей у закуточкі душаў.

І яшчэ паэтка пакуль толькі шукае сябе: якой сцяжанай пайсці па жыцці, у якіх людзей паверыць.
І з іншага боку: баіцца не пакінуць штосьці пасля сябе, імкнецца застацца нечым, думае пра гэта, марыць пра лепшае.

Я думала, падарункаў
болей, але аказалася –
толькі гэта, плюс
пару ўсмешак, лічаныя
абдымкі і добрыя
словы на святы.

Комментарии


Даўно не было Вас чуваць


не магу вас пакінуць.... вярнуўся...