Больше рецензий

Torvald5

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

14 декабря 2017 г. 18:56

280

4

Анатоль Івашчанка аматар паэксперыментаваць, пагуляць са словам і сэнсамі. Вось і назва ягонай кнігі “Хай так” можа быць прачытана і як “Хайтэк” – што азначае стыль у архітэктуры і дызайне, які нарадзіўся ў нетрах позняга мадэрнізму ў 70-х і знайшоў шырокі распаўсюд у 80-х. Гэта штосьці супермоднае, сучаснае, пабудаванае з выкарыстаннем найноўшых тэхналогій і матэрыялаў. І варта адзначыць, што ўся кніга адпавядае гэтый прыхаванай назве. Бадай у беларускай паэзіі няма іншага аўтара, які б так шырока ўжываў у сваіх вершах розныя сучасныя тэрміны і пісаў пра найноўшыя тэхналогіі, перадусім інфармацыйныя. У ягоных вершах багата кампутарных тэрмінаў, згадак пра сацыяльныя сеткі і моладзевай сучаснай лексікі.

З аднаго боку атрымліваецца супер сучасная паэзія, своеасаблівы літаратурны “хайтэк”. А з іншага – няма гарантыі, што такія вершы хутка не састарэюць. Бо тэхналогіі так імкліва развіваюцца, што нават пры жыцці чалавека многія найноўшыя прылады робяцца архаічнымі, амаль старажытным. Сярод моладзі, напрыклад, ужо мала хто ведае, што такое пэйджэр, які й з’явіўся нібыта на свет толькі ў першай палове 90-х. А ўжо пра яго ўсе забылі. І нават Інтэрнэт, аказваецца, часовая тэхналагічная з’ява, бо, як пішуць навукоўцы, ужо праз нейкі недалёкі час новыя тэхналогіі пахаваюць і яго. Таму, на маю думку, досыць небяспечна паэту арыентавацца на сучасныя тэхналогіі і гэтак гасцінна запрашаць іх у свае літаратурныя творы.

Аматар Івашчанка эксперыментаваць са словам і чыста лінгвістычна. Гэта, відаць, у яго ўплыў Алеся Разанава, бо менавіта па паэтыцы Разанава ён абараніў дысертацыю.

Бадай самыя лепшыя вершы ў кнізе прысвечаны сям’і і аб’яднаныя ў раздзеле “Паміж небам і сям’ёй”. Анатоль, нягледзячы на свой малады век, бацька траіх дзяцей.

восем месяцаў чаканьня
напаўшэптавых прамоў
вось яно – наканаваньне
вось яно – выпрабаваньне
трэці раз
усё наноў

Такія вершы наўрад ці састарэюць. У іх – пра спаконвечнае і самае таямнічае ў жыцці.

І яшчэ варта адзначыць выразную грамадзянскую пазіцыю аўтара, якая прасочваецца праз усю кнігу. Паэта балюча хвалюе тое, што адбываецца ў краіне.

Ёсць у кнізе верш, прысвечаны Паўлу Севярынцу, які заканчваецца такімі радкамі:

Яны адграбуць, Паша, помні
па поўнай.
Хоць тое й ня наш,
хрысьціянскі метад.
Але ж адграбуць, Паша,
Ведай.