Больше рецензий

Torvald5

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

13 декабря 2017 г. 21:56

248

5

Беларускім паэтам звыкла вяртацца з мінулага. Часам – з далёкага мінулага. Як, напрыклад, вяртаўся Францішак Багушэвіч. Як вяртаўся Алесь Гарун. Або Уладзімір Жылка. Як сёння вяртаецца расстраляны ў 37-ым паэт Алесь Дудар.

Андрэй Пяткевіч вяртаецца з пачатку 90-х. Бо ў 95-ым яго ўжо не стала на гэтым свеце.

Чаму Пяткевіч не мог вярнуцца раней? Адказаць вельмі проста. Пяткевіч кантраверсійны паэт. Шмат у яго вершаў, якія не ўкладаліся ў звыклыя мінулыя рамкі дазволенага. Менавіта Пяткевіч напісаў напрыканцы 80-х - пачатку 90-х больш за ўсіх беларускіх паэтаў антысавецкіх вершаў. Прычым вельмі радыкальных і нават брутальных. Няпростыя ў яго былі адносіны з Богам, грамадствам і ўвогуле людзьмі, якія, на думку Пяткевіча, не жывуць на гэтай Зямлі так, як павінны жыць.

На каленях перад грамадзтвам стаяць,
Пакланяцца абсурдным канонам.
Вобзем грымну пакоры карону,
Каб шчасьлівым сканаць.

Або вось такія балючыя радкі:

Людзі, пачуйце! Яны не пачуюць.
Людзі, убачце! Вось позірк адводзяць.
Нейкія здані кудысь адыходзяць.
Нелюдзі-людзі сябе не ўратуюць.

Учынкаў, здзейсненых Пяткевічам, было шмат. Ён выкрываў стукачоў і несумленных людзей, бесхрыбетнікаў і пафігістаў. Пра дамаганні гарадзенскага КДБ расказаў у артыкуле «Паэт і камітэт», надрукаваным у гарадзенскай «Пагоні».

Маленькага росту, худзенькі, сухенькі, Андрэй Пяткевіч нагадваў фальклёрнага дзядка-дамавічка, які мусіць сачыць за парадкам у хаце, а яго мала хто слухаецца. Таму ўвесь час трэба ўшчуваць і сарамаціць жыхароў дому.

Паэт у 20 гадоў піша пра сваю безнадзейную восень, пра вогнішча, на якім палілі “нашы вольныя размовы і няскораныя крылы”. І толькі родная прырода, краявіды Бацькаўшчыны для паэта з’яўляюцца адхланнем і месцам, дзе яго душа адчувае суладдзе і супакой.

Ну й няхай паўдуркі ходзяць па сьвеце,
Мне яны не перашкодзяць нюхаць суквецьці.

Гэты невялічкі зборнік паэт уклаў сам, перапісаў у сшытак вершы і перадаў на захаванне свайму сябру паэту Юрасю Пацюпу, пазначаўшы ў сшытку, што пры выданні зборніка нельга ўносіць праўкі, змяняць правапіс, ламаць радкі і парушаць інтэрвалы паміж строфамі. Выдаўцы выканалі патрабаванні паэта. Цяпер Юрась Пацюпа працуе над выбраным Андрэя Пяткевіча, у якое паспрабуе сабраць усё, што атрымаецца знайсці – нават эпісталярную спадчыну.