Больше рецензий

Torvald5

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

29 ноября 2017 г. 12:43

100

5

Кніга гэтая ўнікальная, як і сам яе аўтар. Усяго зборнік Янкі Юхнаўца “Урачыстасьць у садзе. Драматычныя начыркі” выйшаў накладам у пяць асобнікаў. Адну кнігу аўтар пакінуў сабе – астатнія разаслаў. Адзін асобнік пісьменнік даслаў у Беларусь – укладальніку і рэдактару сваёй адзінай кнігі, якая выйшла на радзіме – выбранага “Сны на чужыне”. Гэтым рэдактарам быў тагачасны дырэктар сталічнага музея Максіма Багдановіча Алесь Бяляцкі. Той самы Алесь Бяляцкі, які затым стане вядомым праваабаронцам і якога асудзяць на 4,5 гады за тое, што дапамагаў пацярпелым ад рэжыму.

«Сны на чужыне» выйшлі ў сталічным дзяржаўным выдавецтве ў 1994 годзе ў кніжнай серыі «Галасы беларускага замежжа». Сёння даўно ўжо няма той кніжнай серыі. А выдавецтва «Мастацкая літаратура» не адзначыла 90-годдзе паэта нават сціплым зборнічкам.

Янка Юхнавец лічыцца ў беларускай літаратуры дзёрзкім парушальнікам канонаў, наватарам і эксперыментатарам, асабліва ў паэзіі. Але ў гэтай кнізе ён хутчэй традыцыяналіст, перадусім што тычыцца тэмаў. Бо кніга пра юнацкія мары і згадкі мінулага, пра сенс жыцця і дачыненні мужчыны і жанчына, а гэта, так бы мовіць, вечныя тэмы літаратуры. Іншая справа, што літаратурныя формы і мова, якія выкарыстоўвае пісьменнік, надае творам унікальную асаблівасць. Юхнавец адметны фрагментарнасцю пісьма, яно падобнае да мазаікі, якую зблізку цяжка зразумець, бо бачацца толькі асобныя рознакаляровыя каменчыкі. Трэба зірнуць на ўсё разам з адлегласці. А мова Юхнаўца ўвогуле непаўторная і аўтарская – густа насычаная рэгіяналізмамі, архаічнымі словамі і наватворамі. Для чалавека, які мае слабую лінгвістычную падрыхтоўку і кепска ведае беларускую мову, ён абсалютна недасяжны.

Такія пісьменнікі ёсць ва ўсіх значных літаратурах. Яны ўзбагачаюць мову і не даюць айчыннаму прыгожаму пісьменству зачыніцца ў нейкім строгім каноне або пэўным узоры. Калі літаратура – гэта галактыка, дык яны галактыкастваральныя. Не ў сэнсе зместу і будовы, а ў сэнсе выбуху і энергіі.

І як пацвярджэнне гэтых словаў хочацца працытаваць радкі з драматычнай паэмы «Адам і Ева»:

хачу я гутарыць iз сабой,
слаць вiтаньнi абы каму за небакрай:
цi Богу, цi нябачнай дзесьцi далёкай хвалi.
Хачу ў пуцявiну мора апусьцiцца,
каб знайсьцi адгукi мае гамонкi...