Больше рецензий

Torvald5

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

15 ноября 2017 г. 01:08

205

5

За апошнія гады беларуская літаратура значна пашырыла свае эстэтычныя і жанравыя далягляды. Нарэшце ў нашай літаратуры з'явілася ўсё тое, што ёсць ва ўсіх еўрапейскіх літаратурах – мадэрнізм, постмадэрнізм, прыгодніцкія жанры, антыўтопіі і нават фантастыка. Але кожная нацыянальная літаратура мае свае асаблівасці, свой дыскурс, свой шлях. І зусім нечакана нашай галоўнай адметнасцю апошніх гадоў стала... турэмная літаратура. Нельга сказаць, што гэты жанр зусім новы для айчыннага прыгожага пісьменства, дастаткова згадаць кнігу Францішка Аляхновіча «У кіпцюрох ГПУ», якая пабачыла свет яшчэ ў 30-х гадах мінулага стагоддзя, або кнігу успамінаў Ларысы Геніюш «Споведзь». Але ніколі яшчэ ў Беларусі не выходзіла столькі мастацкіх кніг на турэмную тэматыку, як за апошнія пяць гадоў. Тлумачыцца гэта тым, што пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года ў турмах апынулася шмат чальцоў выбарчых каманд апазіцыйных кандыдатаў, а сярод іх, як звычайна, нямала людзей адукаваных, творчых і нацыянальна свядомых.

Гэтую асаблівасць сучаснай беларускай літаратуры ўжо адзначыў былы палітвязень, праваабаронца і літаратуразнаўца Алесь Бяляцкі. У турме ён нават напісаў адмысловы артыкул «Пра беларускую турэмную літаратуру», у якім разглядае турэмныя творы Уладзіміра Някляева і Аляксандра Фядуты. Калі б гэты артыкул пісаўся крыху пазней, то Бяляцкі абавязкова б напісаў і пра кнігу Змітра Дашкевіча.

Зборнік «Чарвяк» выйшаў у Вільні. Бадай гэта самая моцная турэмная кніга апошніх няпростых гадоў Беларусі. Дашкевіч выявіўся ў ёй як мудры, нягледзячы на свае невялікія гады, таленавіты празаік. Уся кніга прасякнута смуткам, бо як інакш можна глядзець на тое, як руйнуецца чалавечая годнасць у беларускіх турмах, і, што зусім нечакана, лёгкім гумарам. Чытаючы кнігу, адчуваецца, што яе аўтар ніколі, нават у самых складаныя дні жыццёвага выпрабавання, не губляў аптымізму. Дашкевіч з гумарам апісвае турэмныя прыгоды і сядзельцаў беларускіх вязніцаў – крымінальных аўтарытэтаў, шараговых зэкаў, былых наркаманаў, дырэктароў заводаў і бізнесоўцаў. Каго толькі не сустрэнеш у беларускіх турмах – здзіўляецца Дашкевіч. Але, паводле ягонага назірання, большая палова беларускіх вязняў – гэта маладыя людзі да 30 гадоў. Дашкевіч піша, што наўрад ці такі перавыхаваўчы метад дае хоць нейкія станоўчыя вынікі. Людзям па-просту ламаюць лёсы, часам за скрадзены мех бульбы, знойдзеную дозу наркотыка, альбо бойку на танцах.

Апавяданне «Чарвяк» бадай ужо можна залічваць у класіку беларускай турэмнай літаратуры. Проста выдатна намаляваны вобразы вязняў, турэмны задушлівы мікрасвет, пошукі, мары і спадзяванні чалавечых душаў.

Варта яшчэ адзначыць рэлігійны аспект кнігі. Зміцер Дашкевіч належыць да пратэстанцкай царквы, ён шчыры вернік і за кратамі ўпарта трымаўся сваёй веры. Кніга перасыпана цытатамі з Бібліі і згадкамі пра Ісуса Хрыста. Пры чытанні першага апавядання, рэлігійны аспект падаецца празмерным маралізатарствам, але адолеўшы ўсю кнігу, разумееш, што без біблійных згадак і цытатаў апавяданні Дашкевіча былі б не зусім праўдзівымі. Бо гэта неад'емная частка свету самога Змітра – свету жыццёвага і свету мастацкага.