Больше рецензий

Torvald5

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

12 ноября 2017 г. 20:36

42

4

Леанід Маракоў позна прыйшоў у літаратуру. Першае сваё апавяданне ён надрукаваў у тыднёвіку “Літаратура і мастацтва” ў 1998 годзе, калі яму было ўжо 40 гадоў. Да гэтага ён працаваў на менскім заводзе ЭВМ, займаўся навукай, бізнэсам – і ўсё гэта было далёка ад літаратуры. Змена ў ягонным лёсе адбылася пасля таго, як вырашыў дазнацца падрабязнасці, чаму застаўся апошнім мужчынам у родзе Мараковых. Аказалася, што большасць ягоных бліжэйшых продкаў загінулы ў часы сталінскіх рэпрэсіяў. Найбольш яго ўразіў лёс дзядзькі - паэта Валерыя Маракова. Леанід пачаў збіраць матэрыялы пра дзядзьку, і так захапіўся, што выдаў сваю першую кнігу – пра трагічны лёс паэта Валерыя Маракова. І на гэтым не сыпніўся, пачаў выдаваць адну за адной энцыклапедычныя тамы з біяграфіямі рэпрэсаваных беларускіх дзеячаў культуры, навукі, палітыкі, святароў, настаўнікаў. Паралельна пісаў свае ўласныя творы – пераважна гэта былі апавяданні пра рэпрэсаваных беларусаў, а таксама пра пераслед іншадумцаў спецслужбамі ў Савецкім Саюзе. Гэтыя апавяданні пачалі з’яўляцца ў перыядычным друку і выходзіць кнігамі пад назвай “Непамяркоўныя”. У 2012 годзе ў "Кнігарні пісьменніка" выйшаў чарговы зборнік з гэтай серыі. Кніга аб’яднала дакументальныя і аўтабіграфічныя апавяданні Леаніда Маракова, якія па часе падзеяў ахопліваюць бадай усё ХХ стагоддзе.

З гэтых апавяданняў, напрыклад, можна даведацца пра першае сутыкненне аўтара з КДБ, якое адбылося перад самымі выпускнымі школьнымі экзаменамі. Настаўніца Леаніда знайшла сшытак, у які ён выпісваў цытаты з Салжаніцана, і занесла яго ў КДБ. Хлопца выклікалі на прафілактычную гутарку. Магчыма гэтая гутарка як раз і паспрыяла таму, каб дапытлівы юнак пачаў разважаць, чаму супрацоўнік КДБ адносна яго кажа, што яблык ад яблыні не далёка падае.

У кнізе шмат досыць цяжкіх для чытання апавяданняў – пра катаванні ў менскай кэдэбэшнай турме, пра зламаныя лёсы цэлых сем’яў, калі хтосьці адзін з сям’і трапляў пад рэпрэсіі. Але ёсць і амаль рамантычныя апавяданні, пра геройскія ўчынкі людзей, якім выпала прайсці складаныя выпрабаванні. Частка апавяданняў чыста аўтабіяграфічныя, у асноўным пра нярэдкія праявы “непамяркоўнасці”, якія трапляліся на шляху пісьменніка.

Герояў Маракова лучыць нянавісць да несправядлівасці, нястомнае жаданне змагацца за волю, змагацца любым коштам. Адно з апавяданняў з гэтай кнізе заканчваецца такімі словамі "непамяркоўнага": “Наперадзе быў галоўны паядынак – за годнае жыццё. На маёй радзіме за яго трэба змагацца!”