Больше рецензий

Torvald5

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

19 октября 2017 г. 18:45

240

4

Гэтую кнігу можна назваць летапісам роднай вёскі аўтаркі. Наўрад ці такую кнігу напішаш толькі з уласнай памяці. Таму праца над ёй мне ўяўляецца перадусім у пошуку знікаючых у невараць мінулага гісторыяў, імёнаў, лёсаў – амаль як этнографы шукаюць старыя легенды і песні ў фальклорных экспедыцыях.

І яшчэ. Пра адну вёску, аказваецца, можна напісаць цэлую вялікую кнігу. Не ведаю, ці пра ўсіх землякоў, якія жылі ў вёсцы Шчонава на Карэліччыне ў другой палове 20 стагоддзя, напісала Альжбета Кеда ў “Шчонаўскіх абразках”, але тут сотні імёнаў, лёсаў, цікавых, вясёлых, займальным, сумных і трагічных гісторыяў.

Улічваючы тое, што аўтар кнігі жанчына, то і жаночы вобраз роднай вёскі бадай самы адметны і так бы мовіць драматургічны – ад дзіцячых гульняў, праз дзявочую маладосць да жаночых вынікаў жыцця.

З гэтай кнігі таксама можна даведацца, як жыла заходняя беларуская вёска ў 60-70 гадах, як тут працавалі і вялі ўласную гаспадарку, як праводзілі вольны час, якія танцы танцавалі на вечарынках, якія і ў каго шылі сукенкі жанчыны, якія пастаноўкі ладзілі, як праходзілі вяселлі і як адбываліся пахаванні, якую музыку і на чым гралі. Карацей, для любога беларускага даследчыка – гісторыка, этнолага, фалькларыста – у гэтай кнізе знойдзецца багаты, каштоўны матэрыял.

Аднак "Шчонаўскія абразкі" не назавеш чыста зборнікам краязнаўча-біяграфічных матэрыялаў. Гэта мастацкая кніга малой прозы. І мне яна нагадвае кнігі малой прозы Янкі Брыля. У гэтай прозе і лаканічная дасканаласць слова, і эмацыянальнасць, і пачуццёвасць, і аўтарскае стаўленне да сваіх землякоў – перадусім нейкая настальгічная любоў, на адлегласці часу ўзмоцненая.

І думаецца: пашанцава вёсцы Шчонава, якая на Карэліччыне. Трэба меркаваць, як і большасць беларускіх вёсак, памірае тая ранейшая вёска Шчонава. Адыходзяць у лепшы свет яе насельнікі, разбураюцца хаты, або займаюць іх дачнікі. Усё менш і менш застаецца людзей, якія памятаюць тое ранейшае, з 20 стагоддзя, тутэйшае жыццё. Але ёсць цяпер кніга, якая Шчонава захавала на вякі. І нашчадкі шчонаўцаў цяпер могуць лёгка ўвайсці ў зніклы свет родных мясцін і блізкіх людзей. І гэта бадай асноўная вартасць такіх кніг, запатрабаваць якіх з часам будзе толькі ўзрастаць.