Больше рецензий

Torvald5

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

3 октября 2017 г. 17:45

142

5

Такой жаночай паэзіі даўно не хапала беларускай літаратуры – інтуітыўнай, метафарычнай, метафізічнай. Сама паэтка прызнаецца, што ў яе няма настаўнікаў у родным прыгожым пісьменстве. Яна сама па сабе. Вось так і атрымалася – сама па сабе выйшла за дыскурс традыцынай беларускай жаночнай паэзіі. І хоць паэтка жыве зараз у родным Рагачове, то бок не ў сталіцы, сёння яна бадай самая вядомая беларуская аўтарка вершаў. Хоць і выдала пакуль усяго тры невялікія зборнічкі.

У адным з інтэрв’ю паэтка прызналася, што бывае невялікі верш нараджае каля месяц, часта галоўная праблема паўстае з пошукам адпаведнага слова. І калі такога слова яна так і не можа знайсці, то прыдумляе яго сама.

недарэчна мне тут – рачной!
залячы хоць якой лячбой –
накармі з неабсяжных далоняў,
рытмаплёскатам адары
і ў віры мяне забяры –
я ссыхаюся ў гэтым палоне…

Часам яе вершы нагадваюць дзіцячыя чыталкі, у якіх цяжка ўлавіць сэнс, затое з коптурам - задору, гульні і… любові. Так, так – вершы Кудасавай вельмі добрыя, у іх наогул няма агрэсіі, нават змрочных думак. Ёсць сум, пачуццё адзіноты, развагі над лёсам. Але перадусім – у іх шмат дзіўнага, чароўнага, фантастычнага.

хрыбтамі рыб наросхрыст
бяжыць мая рака.
я, можа, толькі Босха
лічу за сваяка
і ў звар’яцелым вусці
нашу свае віры,
выспельваючы вуснамі
пяянне срэбных рыб.

А гэта ўжо амаль ранні Маякоўскі. Столькі ў гэтых радках метафарычнага малюнку, гуказапісу (хрыбтамі рыб наросхрыст), пачуццёвай жарсці.

Мне яшчэ падабаецца, што Кудасава – рачная паэтка. Яе родны горад Рагачоў стаіць на сутоках дзвух прыгожых рэк – Дняпра і Друці. Тэма ракі – скразная ў зборніку. Менавіта ў Рагачове Уладзімір Караткевіч пісаў "Ладдзю Роспачы", "Сiвую легенду", "Вiно дажджоў", часткова "Каласы пад сярпом тваiм". Кудасава, відавочна, з дзяцінства назапашвала ў сябе энэргетыку родных рэк, набрыньвала іх філасофскай разважлівасцю, вясновай гарэзлівасцю і няўрыслівасцю. Таму варта пажадаць ёй не губляць свае рачныя берагі, не перасыхаць у жыццёвых выпрабаваннях і плённа працягваць сваю паэтычна-рачную місію.