Больше рецензий

Torvald5

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

18 сентября 2017 г. 22:38

133

5

Як на маю думку, менавіта гэты паэтычны зборнік быў лепшай кнігай паэзіі мінулага 2016 года. А магчыма будзе і лепшай беларускай паэтычнай кнігай усіх дзясятых гадоў 21-га стагоддзя. Бо ў гэтай кнізе чытач знойдзе не толькі беларускую паэзію высокай якасці, але тут таксама адлюстравана, як у чароўным паэтычным люстэрку, беларуская гісторыя існага дзесяцігоддзя, можна нават сказаць нерв гэтага часу.

Многія з гэтых вершаў аўтар па-майстэрску дэклямаваў на розных імпрэзах – на палітычных мітынгах, на перадвыбарчых сустрэчах, на літаратурных святах і паэтычных фестывалях. Перадусім варта згадаць верш “Калыханка”, прысвечаны памяці старэйшага паэта Генадзя Бураўкіна. Хто чуў гэты верш у аўтарскім выкананні наўрад ці забудзе яго да канца сваіх дзён.

Спіце, воі. Мужчыны. Далёка яшчэ да відна.
Вы праспалі Айчыну! І ў снах беларускіх яна
Не Пагоняй ляціць, а ваўчыцай на бруху паўзе
І сама сабе лапу, каб вырвацца з пасткі, грызе.

Не сумняваюся, што гэты верш ужо патрапіў у залаты фонд беларускай паэзіі.

Кніга “Толькі вершы” падзелена на дзве часткі. Першая называецца “Падманы празрыстай вады”. Другая – “Турэмная біблятэка”. У невялічкай прадмове да зборніка аўтар патлумачыў гэтую назву. У турме нары былі жалезныя, спаць на іх вельмі мулка. І вязні прыдумалі засцілаць нары кнігамі з турэмнай бібліятэкі. Як заўважыў Някляеў, многія з аўтараў тых кніг таксама ў свой час сядзелі ў турмах. Таму адсюль і такія дзіўныя назвы вершаў у гэтай турэмнай нізцы – Апалінэр, О.Генры, Сервантэс, Оскард Уайльд, Якуб Колас, Уільям Шэкспір… Многія з гэтых вершаў пачынаюцца радком: “Калі доўга праз краты глядзець…” І выразна ўяўляеш, як паэт сядзіць у турме, глядзіць у турэмнае вакенца, думае пра жыццё і Беларусь і тыя думкі складаюцца ў вершы.

Ну і немагчыма не заўважыць, што ці не палова вершаў, змешчаных у кнізе, маюць прысвячэнні – пісьменнікам, дзеячам апазіцыі, мастакам, родным, блізкім людзям паэта. Аўтар як бы выказвае падзяку ўсім тым, хто быў побач у цяжкія, ліхія часы, хто дапамагаў, хто быў і ёсць аднадумцам, хто па-ранейшаму стварае чалавечы свет паэта, які надае сілы і надзею.