Больше рецензий

Torvald5

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

18 сентября 2017 г. 13:27

126

5 Лепшай кнігі пра беларускую літаратуру я не чытаў

Каб напісаць такую кнігу трэба мець сапраўды энцыклапедычныя веды. Міхась Скобла пад адной вокладкай сабраў свае, пераважна літаратуразнаўчыя, артыкулы і эсэ, якія друкаваліся 5-7 гадоў на сайце Радыё Свабода і ў літаратурных перыёдыках. З гэтых артыкулаў нават чалавек добра абазнаны ў беларускай літаратуры абавязкова знойдзе для сябе штосьці новае і цікавае. Прычым аўтар не проста распавядае пра айчынную літаратуру і культуру. Бадай што кожны тэкст у кнізе прысвечаны нейкай праблеме: ці то літвінскаму руху, які хоча пераназваць Беларусь у Літву, ці то скалечанай цэнзарамі і рэдактарамі спадчыне Уладзіміра Жылькі, ці то дыскусіі адносна перавозу парэштак Максіма Багдановіча з Ялты ў Беларусь. І кожны падобны тэкст проста “уквечаны” рознымі гісторыямі, цытатамі, спасылкамі і думкамі вядомых людзей. І тут энцыклапедычныя веды Скоблы проста фантануюць вясёлкавымі гейзерамі. І калі ты возмешся чытаць пра магілу Багдановіча, то паралельна даведаешся, дзе яшчэ па-за межамі Беларусі пахаваныя славутыя беларускія паэты, што меркавала пра перапахаванне Багдановіча Ларыса Геніюш і пра тое, як чэхі зрабілі свой нацыянальны пантэон.

Да кожнай праблемы Скобла падыходзіць з дзяржаўнай удумлівасцю і разважлівасцю. Прапановы па перайменаванне Беларусі Міхась называе распляценнем палатна. Сотні, а можа і тысячы, славутых дзеячоў культуры не адно стагоддзе ткалі габелен пад назвай Беларусь. І што, зараз трэба яго расплесці і пачаць ткаць па-новаму? То бок усю працу папярэднікаў назваць памылковай? – эмацыйна пытаецца ў чытача Скобла. І сам адказвае на гэтае пытанне: не гуляйма з агнём і не падпускайма да беларускіх кроснаў сумнеўных тыпаў, мэта якіх адна –распляценне палатна. Вось так – і паэтычна, і злабадзённа, і вобразна, і пераканаўча.

Ну і не магла кніга абыйсціся без тэкстаў пра Ларысу Геніюш. Менавіта Скобла стаў галоўным даследчыкам яе творчасці і ўкладальнікам яе кніг. Акрамя прадмоў да кніг паэткі, у зборніку змешчаны біяграфічны нарыс пра Ларысу Геніюш “Чайка з лётам арліным”. Гэта бадай што квінтэсенцыя ўсяго, што сёння вядома пра нязломную паэтку.

З чаго складаецца абарончая сцяна Беларусі? – пытаецца ў эсэ “Наш абарончы мур” Скобла і адказвае: з кніг. З тысячаў і мільёнаў кніг, якія леглі ў тую сцяну замест цаглінаў і камянёў. Вось і кніга Міхася Скоблы “Саркафагі страху” – важкая, трывалая цагліна ў наш абарончы мур. І з гэтым варта павіншаваць аўтара.