Больше рецензий

11 мая 2017 г. 12:28

1K

5 Ростані "Лабановіча № 2"

Міхась Лемяшэвіч – духоўны нашчадак хрэстаматыйнага Лабановіча – гэтак жа, як і коласаўскі герой, прыязджае падымаць асвету ў палескую глуш. Толькі робіць гэта на некалькі дзесяцігоддзяў пазней – у пасляваенныя 50-я.
Уласна, глуш – ужо не такая і глуш. Тут калгас і МТС, новыя машыны і сацыялістычнае спаборніцтва. Замест забабонаў – плёткі і ананімкі ў газету. Замест прыгажуні Ядвісі – недаступная і амаль што акружаная арэолам святасці ўрач Наталля Пятроўна.
Характар у галоўнага героя, натуральна, бескампрамісны, і таму ледзь не з першых дзён у яго ўзнікае канфлікт з “гаспадаром раёна” Бародкам. Паставіць усё на свае месцы дапамагае… больш высокае партыйнае кіраўніцтва. Ну, а якога ж яшчэ вырашэння можна чакаць ад ранняга Шамякіна?
Увогуле, калі апусціць залішнюю партыйнасць, раман – лірычны і добры. Пра першае каханне і каханне сталых людзей, пра першыя працоўныя поспехі і пошукі новых шляхоў у прафесіі, пра няпростыя ўзаемаадносіны ў педагагічным калектыве і спробах ажывіць вясковае жыццё.