Больше рецензий

21 июня 2015 г. 12:37

697

5

... тры літары ГПУ, ад якіх мурашкі прабягаюць па сьпіне савецкага грамадзяніна, ад якіх нават лёяльны Попутчік, не адчуваючы за сабой ніякай віны, дазнаў страху...
- А што, калі арыштуюць? Не ты першы, не ты апошні. Усё магчыма ў гэтай краіне ўсялякіх магчымасьцяў....

Адразу патлумачу, што ГПУ - гэта "государственное политическое управление" для тых, хто не ў тэме. Заўважна, што твор аўтабіяграфічны, але галоўнага героя з самага пачатку называюць Попутчік, і ён з'яўляецца намеснікам "Беларускай Рады" у Заходняй Беларусі ў Вільні. Апавяданне ідзе ў трэцяй асобе. "У кіпцюрох ГПУ" згадваюцца рэальныя гістарычныя асобы, лёс якіх добра вядомы аўтару:

... хто не разьвітаецца са сваім жыцьцём, як Ігнатоўскі і Чарвякоў, паедуць на Салаўкі, Туркестан, Нарым - у канцэнтрацыйныя лягеры, а хто й шмат бліжэй: грузавіком у Камароўскі лес, дзе атрымае за сваю савецкую лёяльнасць зарплату з нагану

У той час, калі адбываюцца падзеі твора, заўважна, што Попутчік не ведаў, што ўсе гэтыя "дасягненьні", уся гэтая беларусізацыя недаўгавечныя і хутка пачнуцца "нацдэмаўскія працэсы".
У главе "Бяз маскі" Францішак Аляхновіч раскрываецца, што пад абліччам Попутчіка хаваецца ён сам, які "верыў тады ў савецкі міраж, што нават агентаў ГПУ прымаў за людзей, якім можна верыць, мала што не за сваіх прыяцеляў". Твор падзелены на кароткія главы, якія могуць заключаць думкі, або падзеі, быць завершанымі ці не, але гэта надае дынаміку твору, робіць яго захапляльным і цікавым. Гэта як газетны артыкул, калі яго разбіваеш на большую колькасць абзацаў, то ён становіцца больш дынамічным і чытабельным.
Францішак Аляхновіч распавядае, як быў арыштаваны ў рангу загадчыка літ. аддзела БДТ-2 у Віцебску, як чакае жонку з дзецьмі з Вільні, пра допыты ў ГПУ, пра цяжкія ўмовы яго несправядлівага заключэння ў астрог, пра прысуд і адпраўленне на 10 год у Салавецкі лагер асаблівага рэжыму, пра чаканне амністыі і карэспандэнцыі ад сяброў у спадзяванні дапамогі.
Пра кожны з эпізодаў трэба распавядаць асобна, бо твор уражвае рэалістычнасцю паказу жыцця ў турме. Кожная дэталь, кожнае апісанне варта ўвагі:

На сьценках нейкія дзіўныя дзіры. Нейкія плямы. Мабыць, гэта былі плямы ад расьцёртых клапоў, але мне тады яны здаваліся пырскамі крыві расстрэленых тут людзей.


Заўважна, што, нягледзечы на жудасаныя ўмовы, аўтар знаходзіць сілы іранізаваць з сітуацыі ў якую трапіў. У ім па-ранейшаму жыве камедыёграф і таленавіты драматург:

СССР жыве па знакам "соцсоревнования" і "ударничества". Гэтак, мабыць, працуюць і агенты ГПУ - установы, якую бальшавікі называюць гордым імем "меч рэвалюцыі". Працуюць навыперадкі, хто з іх больш разгледзіць спраў, зто будзе мець на сваім сумленьні больш ахвяраў. Каб толькі болей, каб стражэй, каб бязьлітасьней дабіваць "клясавага ворага". Літасьць - гэта нядобрая рыса, гэта загана, буржуазная спадчына, інтэлігенцкая мяккацеласць.

Ф.Аляхновічу ўдалося літаратурнай мовай распавесці пра працу на лесанарыхтоўках, яго аповяд жывы, хоць ён і пазбягае "змястоўнай рускай лаянкі". Ім выкарыстоўваюцца жарганізмы: лекпом (фельчар), філоны (тыя, хто прыкідваюцца хворымі), самарубы (людзі, якія адрубалі пальцы ў стане псіхозу) - такая тэрміналогія робіць твор больш яскравым і змястоным, праўдзівым і поўным. Ф.Аляхновіч расказвае пра "крыміналістычных" вязняў і "палітычных" (Ёсць нават гульні паміж катаржнымі- "вэлёсыпед", "выбар старасты" і інш., але пра іх нават з праўдзівасцю Ф.Аляхновіча не раскажаш з маральных прынцыпаў, бо такімі "гульнямі" звычайна займаюцца крыміналістычныя, ды і твор згубіў бы свой літаратурны густ), пра тое, як сам жа ён уладкаваўся суфлёрам у салаўкоўскі тэатр. Гэты тэатр наведваў нават Максім Горкі ў акружэнні чэкістаў, і таму быў вымушаны напісаць пра добрыя ўмовы жыцця на Салаўках. Ф.Аляхновіч нічога не ўтойвае і пра "женроту" (прастытуцыю), і пра магільнік, і пра ізалятар, і пра Сякірку (гара, на якой ёсць своеасаблівая турма, дзе мораць холадам), і пра "жордачку" (таксама від турмы, дзе сядзіш, нібыта на жордачцы і нельга злязаць).
Існуе нават турэмны гумар з таталітарнай сістэмы:

Тех, кто наградил нас Соловками,
Просим приезжайте сюда сами,
Посидите здесь годочков 3 иль 5,
Будете с восторгом вспоминать

Гэта цытата з выступлення ў тэатры, калі прыязджала на Салаўкі праверка, што проста пасмяялася, а ў наступны раз адправіла начальнікаў турмы ў Туркменістан: бі сваіх, каб чужыя баяліся. А наступнае выслоўе аўтра прапануе напісаць перад уваходам у турэмны вастрог:


Входящий не грусти!
Выходящий не радуйся!

Гэта фраза адлюстроўвае фінал твора, дзе Ф.Аляхновіч сустракаецца з Браніславам Тарашкевічам, але не буду пераказываць змест, бо гэта рэцэнзія, і калі яна вас зацікавіла, то прачытаеце самі, чым скончылася прыбыванне Ф.Аляхновіча на Салаўках. Тым больш, што доўгі час на тэрыторыі СССР пра гэтую кнігу не ведалі і нашы выкладчыкі не вывучалі яе на літаратуры.
Ф.Аляхновіч згадваў, што ўдалося выдаць кнігу ў 1937 г. у Вільні, але ў 1942 г. выданне было дапоўнена, бо ў ім распавёў пра 1926 г., які папярэднічаў затрыманню ГПУ. Многія сумняваліся, што драматург не мае за сабой грашкоў, а ён і сапраўды быў затрыманы несправядліва, нібыта за падрыў таталітарнай сістэмы. Знойдуцца і сёння, якія абвінавацяць пісьменніка ў ілжы, але вам самім вырашаць. Прыемнага чытва!