Больше рецензий

5 марта 2015 г. 20:04

625

5

Геніяльная паромная гісторыя кахання, гісторыя змагання за каханне, гісторыя пра вераб'іную ноч, якая зацягнулася амаль на стагоддзе.
Увесь твор скаладаецца з дзвух амаль самастойных, але вельмі звязаных тэматычна, частак.
У пралогу распавядаецца пра спробу выратаваць каханага паўстанца, асуджанага на смерць, сваёй абранніцай, для чаго ёй трэба паспець пераплыць раку на пароме падчас жахлівай непагадзі, так званай вераб'інай ночы. У ажыццяўленні гэтай задумы ёй знарок адмаўляе царскі прыслужка, але знаходзіцца ў той рэпрэсіўнай машыне чалавек з чуллівым сэрцам, які на ўласную рызыку і страх вырашае дапамагчы. Яна ўсё адно не паспела. Мужа-паўстанца з лічныя хвіліны да яе прыезду забілі. Яе пасля саслалі ў Сібір, а афіцэр, які дапамог ёй вымушаны быў абараняць свой маральны выбар на дуэлі. Але самае галоўнае, што падчас той пераправы на пароме нарадзілася каханне, носьбітам якога не было наканавана надалей быць разам. Тое было ў 1863 г. Праз тры гады Зямля пабачыла тых самых Леанідаў, метэарытны дождж, які можна назіраць з нашай планеты кожныя 33 гады. І Леаніды тады пабачылі Зямлю, пабачылі тое вечнае няшчасце, якое тут дзеецца.
Амаль праз 90 гадоў у Маскве сустракаюцца малады паэт і маладая выкладчыца тэорыі мастацтва, Андрэй і Ірына, - прашчуры тых нешчасліўцаў з вераб'інай начы. І Андрэй, і Ірына паспелі страціць тое самае першае і самае моцнае каханне: ён у аўтакатастрофе у дзень вяселля з абранай, яна падчас вайны. Пасля гэтых трагічных выпадкаў і Андрэй, і Ірына жылі нібыта па інэрцыі, без запалу ў вачах.
Іх сустрэча надала сэнс далейшаму існаванню. Першым пачынае адчуваць каханне Андрэй, яно цалкам пачынае валадарыць над ім. Пасля пачынае адучваць каханне і Ірына. Але ёсць нешта незваротнае, што замінае іх адкрытаму каханню: Ірына была ўжо жанатай і мела аскепак снарада у сэрцы, які патрапіў туды падчас вайны і які пагражае забіць маладую квітнеючую кветку дзяўчыны ў любы час. Пра ўсё гэта Андрэй даведваецца потым, ён кахае, каханне абрала яго, гэты быў яму падарунак і пакаранне адначасова. Ён гатовы быў прайсці праз любыя складанасці і пакуты, толькі каб быць з ёю.
Ці магчыма каханне з аскепкам у сэрцы? Так, магчыма. Ірына пасля вельмі працяглых роздумаў і нерашучых паводзінаў вырашае развітацца са сваім мужам і назаўсёды быць з Андрэем, але гэты аскепак у сэрцы... Гэтае праклятае рэха вайны ўзяло голас у самы непатрэбны час. Ірына вырашаецца на аперацыю, і пасля дзесяці дзён пасля яе правядзення памірае ў агоніі на руках у каханага. Аскепак фізічны дасталі з яе сэрца, але загналі метафізічны аскепак у яго сэрца ейнай смерцю.
У той год Леаніды не вярнуліся да зямлі. Яны і так бачылі зашмат гора і няшчасця...
Не з'яўляюся аматарам хэпі-эндаў, але менавіта ў гэтым творы вельмі не хацелася, каб фінал быў трагічным, бо занадта драматычным быў шлях да кахання. Чытаючы гэты твор, неадмыслова ўсплывалі паралелі з творам Рэмарка "Тры таварышы", у якім таксама было шчырае каханне шчыры людзей, моцнае сяброўства адданых людзей, смяротна хворая дзяўчына і трагічны фінал.
Вялікая парада - чытайце такія творы, знаёмцеся з імі, распавядайце пра іх. Можа, тады Леаніды будуць часцей вяртацца да зямлі.