Больше рецензий

yozas_gubka

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

6 ноября 2014 г. 14:42

981

5

Пра аповесць я даведаўся ад Антона kabierac Рудака, ён у сваім блогу і ФБ назваў яе першай у Беларусі аповесцю ў жанры дызельпанк і гэта мяне заінтрыгавала. Забягаючы наперад скажу, што Антон перабольшыў - дызельпанка ў "Палігоне" мала, а па-шчырасці дык і няма зусім (ну можа акрамя момантаў узгадвання дызель-цягніка Барысаў-Мінск :) ). У аповесці больш альтэрнатыўнай гісторыі, антыўтопіі (як піша сам аўтар) і постапакаліптыкі (а гэта ўжо маё ўражанне), але не будзем заганяць гэты тэкст у пракруставы ложкі жанраў і паджанраў, ён, як заўжды, будзе трохі шырэйшы за іх.

У аповесці две сюжэтныя лініі. Першая, фантастычная - Беларусь пад нямецкай акупацыяй. Цягам 15 гадоў і канца краю не бачна. Вайна прайграна ў 1943-м, праўда, Маскву немцам захапіць так і не ўдалося - за Смаленскам пабудаваны непрыступны Ўсходні вал - абарона Вялікай Германіі ад азіятчыны і напаўзадушанага бальшавізму (усё прам як у марах некаторых філосафаў сучаснасці). Галоўны герой - студэнт Мінскага унівесітэту (ага, вось і чарговая рэінкарнацыя неіснуючага ВУЗа, як University of Minskу нядаўнім "Квантавым воры") жыве/выжывае ў непростых умовах акупацыі ў рэйхкамісарыяце Остланд. Галадуха, хлеб па картках, спірт як самая хадавая валюта, СД, партызаны, падпольшчыкі, цягнікі пад адхон, нацыянальная марыянетачная Рада, помнік Вільгельму Кубэ на плошчы перад домам ураду - аўтар відавочна эктрапалюе падзеі рэальнай трохгадовай акупацыі Беларусі на яе альтэрнатыўнагістарычную будучыню (не здіўлюся, калі крыніцай ведаў пра акупацыю была кніга "Беларусь пад нямецкай акупацыяй" Ю.Туронка).

Другая лінія, рэалістычная - зацемкі з жыцця аўтара, школьныя, студэнтскія гады, 2000-я, 2010-я, бухлянкі з сябрамі ў абшчагах і на дачах, мітынгі апазіцыі, блуканні па Вільні, Варшаве, Калінінградзе. І паралельна раздумы наконт таго, чыво б такое напісаць (ох, як мне гэта знаёма). У перарывах паміж "Крыжачком" і цыгаркамі на ўніверскім дворыку нараджаецца ідэя аповесці пра падпольшчыкаў і акупацыю. Мне гэтая лінія, калі шчыра, была менш цікавай, гэткі рэфлексіўны падлеткавы нон-фікшн, але была ў ім адна фішачка - рэалістычная лінія на імгненне перасякалася з фанастычнай лініяй. У адной са сцэн галоўны герой рэалістычнай лініі пасля моцнага ўдару па галаве трапляе ў выдуманую акупаваную Беларусь і кароткі час знаходзіцца ў скуры героя фантастычнай лініі. Сцэна завяршаецца і лініі зноў разыходзяцца, герой з сучаснасці стараецца забыць гэты выпадак, але час ад часу, нібы дэ жа вю, у рэальным свеце яму патрапляюцца кавалкі і аскепкі ягонага выдуманага свету Беларусі з падпольшчыкамі і паліцаямі. Па-мойму, гэта вельмі ўдалы мастацкі ход, які апісвае творчы працэс прыдумвання тэксту. Я сам магу сказаць, бо маю пэўны досвед у прыдумванні і напісанні, што часам ідэя апавядання/аповесці можа прыйсці раптоўна, як удар халадзільнікам па галаве:) Спачатку яна неакрэсленая, неразгорнутая - набор некалькіх фактаў ці проста вобразаў - але з часам ідэя пачынае абрастаць падрабязнасцямі, большая частка з якіх запазычваецца з рэальнага жыцця.

Тэкст аповесці пранізаны духам заняпаду і спрадвечнай беларускай "агульнай млявасці і абыякавасці да жыцця". Што ў фантастычнай лініі, што ў рэалістычнай. Герой задаецца пытаннем "навошта гэта ўсё?", а потым адказвае сабе "абадай яго, а хай будзе, усё-роўна паміраць". Бытавуха рэалістычнай лініі злучаецца з чэрнухай фантастычнай і змрочнай плыняй безвыходнасці льецца на чытача са старонак аповесці. Мне такое падабаецца, але не ўпэўнены, што іншым будзе да спадобы.

З хібаў, магу адзначыць невялічкія самапаўторы (у тэксце дублюцца некалькі фактаў аб альтэрнатыўнагістарычным свеце, якія у другі раз падаюцца нібыта яны напісаны ўпершыню). Гэта можна прыбраць вычыткай (якой я сам часцяком грэбую). Напружвае пэўная картоннасць і нераскрытасць вобраза галоўнага героя фантастычнай лініі, неабгрунтаванасць і нелагічнасць некаторых ягоных дзеянняў (15 год жыў/выжываў а тут знянацку рашыў "гары яно ўсё гарам). Дыялогі з серыі "рэальныя людзі так не размаўляюць", хаця на гэта увагу звярнуў і сам аўтар у рэалістычнай лініі аповесці (дарэчы, такая вось самакрытыка ў тэксце, таксама вельмі цікавы ход). Але ўвогуле для дэбютнай кнігі гэта вельмі і вельмі добры тэкст. Прынамсі, мне спадабалася.

Напрыканцы, хочацца адзначыць ролю, якую адыгрывае ў тэксце Мінск. Можна сказаць, што ён яшчэ адзін герой аповесці "Палігон", асабліва ў фантастычнай яго частцы. Аўтару (аб чым ён і сам кажа ў рэалістычнай сюжэтнай лініі) вельмі ўдала атрымалася апісаць акупаваны напаўразбураны горад на ўскрайку тысячагадовага Рэйху. Горад, якому вайна нанесла невылечную рану, і ён ляжыць на збочыне і канае. Разбураныя кварталы, электрычнасць па графіку, каменданскі час - усё вельмі рэалістычна і атмасферна. Моцны кантраст з рэальным пасляваенным Мінскам і гэта таксама вельмі ўдалы ход.

Источник