Больше рецензий

20 января 2024 г. 19:26

150

3 Ружовы наспель - мне патрэбна хустка

Вам калі-небудзь траплялася кніга не ў той час? Тая кніга, якую ты чытаеш ці занадта рана і многія рэчы праходзяць міма ці ж занадта позна, калі ўспрымаёш падзеі інакш, з пазіцыі пасталелага чалавека? Напэўна так. У апошні час мне даволі часта трапляюцца менавіта такія кнігі. Гэтая - не выключэнне.

Серыю я купіла хутка, не раздумваючы, а вось пачала яе чытаць не адразу. Штосьці адцягвала мяне ад знаёмства з Дзяўчынай Online. Вось і дацягнула - да наспелю, які мяне нагнаў, толькі было пачаць разгарнуць першую старонку. Супадзенне? Не думаю. Ружовыя соплі не адпускалі ўсе дні чытання. Наіўнасць, выдуманасць зашкальваюць. І няхай я люблю глядзець фільмы з падобным сюжэтам (у рэшце рэшт, я вырасла на арыгінальным кіно канала "Дыснэй"), але ў кнізе такой рамантыкі я амаль не заўважыла. Не прасачыла хімію паміж галоўнымі героямі, якая быццам бы павінна была прысутнічаць. Адразу павеяла ўспамінамі пра "Таймлес" (Пенні Портэр  проста другая Гвэндалін Шэферд - таксама прыспешвае падзеі).

Мяне здзівіла наяўнасць эпізодаў з клапотамі пра псіхічнае здароўе. Аказваецца, ужо тады ў раманах для дзяўчынак пісалі пра панічныя атакі і іншыя праблемы ментальнага характару. Вельмі прагрэсіўна і, што самае істотнае, карысна.

Нядзіўна, што ў кнізе блогера, якая праславілася відеа пра прыгажосць і моду, з'яўляюцца залішнія падрабязнасці пра тое, як выглядаюць героі, ува што яны апранутыя і як спалучаюць рэчы паміж сабой. Так, гэта добра, але часам гэтыя моманты былі недарэчныя і раздражнялі. Ну навошта мне ведаць, якія акуляры насіў сябар галоўнай гераіні, калі яны размаўлялі ў гасцініцы? Менавіта гэта тая інфармацыя, без якой, на думку аўтара, мне не жыць.

Кніга даволі мілая, але ў маім узросце ўжо чытаецца прыдзірліва. Героі здаюцца саладжавымі, падзеі развіваюцца занадта хутка і ты не паспяваеш адчуць увесь спектр эмоцый, а быццам скочыш у прасторава-часовым кантынууме з хуткасцю гуку. Для падлетка - так, для дарослага - не, вось мой вердыкт.