Больше рецензий

8 октября 2023 г. 15:19

64

1 Таварыства толькі ў неадэкватных думках

Прачытаўшы анатацыю кнігі, я ўбачыла нешта цікавае ў гісторыі. Чамусьці мне здалося, што кніга будзе захапляльнай, дзіўнай - увогуле, той, што спадабаецца на 100 працэнтаў. На жаль, але пасля чытання я зразумела адну рэч: штосьці не складаюцца ў мяне адносіны са шведскімі пісьменнікамі (Астрыд Ліндгрэн і Сельма Лагерлёф не ў залік). Вось чамусьці іх творы не чапляюць мяне, а пакідаюць у зблытаных пачуццях. І я ведаю, пра што кажу: не першы раз спрабую палюбіць скандынаўскую літаратуру. Мяне вабіць гэтая культура, але з кнігамі - бяда.

Анатацыя - шматспадзеўная: чацвёра падлеткаў, якія арганізавалі таемнае таварыства. Вось толькі пытанне: чаму менавіта зялёны круг? Чаму не чырвоны, не сіні і чаму менавіта круг? У галаву лезуць думкі пра цыклічнасць жыцця, светабудовы, але наўрад ці падлеткі бы лезлі ў такія нетры. І тым не менш мая дапытлівасць у драбнюткіх дэталях да гэтага часу знаходзіцца ва ўзбуджаным стане, бо ніякая інфармацыі наконт майго пытання ў кнізе няма. Ды і само таварыства хутчэй існуе на словах, чым займаецца нейкай сапраўднай справай.

Сюжэт зачароўвае - экалагічная катастрофа ў стылі моцнага дажджу і наступнага патопу, а потым выжыванне герояў у незнаёмым месцы быццам бы павінна змяшчаць нейкую інтрыгу. Але зацягнутае апісанне мясцовасці і дзіўнае развіццё падзей зусім не прыцягвае ўвагу. Гэту невялічкую па памерах кнігу я чытала даўжэй звычайнага і не засталася задаволенай. Элемент жаху ў гісторыі прысутнічаў, але перадгісторыі, як і развязкі, я не атрымала. У выніку выйшла нешта падобнае на антыўтопію, якую я не зразумела.

Галоўныя героі раскрыты суха. Мяркуючы па іх паводзінах (асабліва па паводзінах аўтара апавядання), я наогул здзіўлена, як яны засталіся жывымі. Павольнасць іх думак, зацыкленасць на мінулым жыцці не выклікае спачуванне. Цікавыя былі сны з элементамі флэшбэкаў, але нават яны выклікалі сумненні ў адэкватнасці герояў. Ды і канец мяне, шчыра кажучы, шакаваў. Не люблю я адкрытыя фіналы, які чамусьці тут вырашылі прыляпіць. Хацелася лагічнага завяршэння, тлумачэння таму трызненню, што адбываўся, але ў выніку выйшла некае месіва. Увогуле, зноў сучасная скандынаўская літаратура - міма.