Больше рецензий

28 мая 2023 г. 23:41

119

3.5

Гэтая кніга мне спадабалася:
1. Афармленнем. Па-першае, тут прыгожая вокладка і прыгожая жанчына на ёй (так, часам я купляю ці не купляю кнігу менавіта праз яе афармленне). А па-другое, тут шмат фота-ілюстрацый у добрай якасці.
2. Аб’ектам і прадметам даследавання, бо, як адзначыў сам аўтар, "этнографы і фалькларысты, што займаюцца вывучэннем народнай культуры, толькі краем краналі тэму фотаздымкаў у вясковых хатах з прычыны той жа самай кансерватыўнасці даследчай оптыкі". Яны звычайна выкарыстоўвалі вернакулярныя (новы для мяне тэрмін; аматарскія, створаныя ў кантэксце паўсядзённага жыцця) фотаздымкі ў якасці ілюстрацый да іншых тэм (вяселле, пахаванне, застолле). Культура ж фатаграфіі і яе сувязь з культурай памяці беларускімі навукоўцамі (падазраю, што не толькі імі) не вывучаліся.
3. Зместам. Дадзеная кніга - гэта манаграфія, але напісана яна цікава і зразумела. Шмат новай для мяне інфармацыі.
4. Спасылкамі. Нечакана было сустрэць спасылкі на праект VEHA, С’юзан Зонтаг, Ралана Барта, Поля Бурдзье і інш. праз усё той жа звыклы акадэмічны кансерватызм.

Аднак ёсць ў манаграфіі адзін мінус, на які не магу не звярнуць увагу, - гэта вялікая колькасць абдруковак (як для акадэмічнага выдання). Вось вам мая самая любімая - "паўстання 1863-1964 гг."


Кніга складаецца з чатырох тэматычных частак:
1) пра фота ў кантэксце культуры памяці (тэарэтычная); 2) пра фотаздымкі ў вясковых інтэр’ерах; 3) пра пахавальныя фотаздымкі; 4) пра надмагільныя фотаздымкі (самая аб’емная частка). І нагадаю, што ў выданні шмат фактычнага (= ілюстрацыйнага) матэрыялу.