Больше рецензий

Torvald5

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

4 марта 2022 г. 00:30

86

5

Калі я чытаў гэтую кнігу, то лавіў сябе на думцы, што лёс кожнага паэта, сапраўднага паэта, дакладна адлюстроўваецца ў яго вершах. Не ведаю, гэта паэт сваімі радкамі наклікае сабе лёс, ці можа ўласным паэтычным чуццём проста прадчувае тое, што наканавана.

Раней падобныя радкі ў вершах Тацяны Сапач не заўважаў, або папросту не звяртаў на іх увагу. Цяпер іх цяжка не заўважыць, як, напрыклад, у вершы «Ашмянка».

Наперадзе лес,
там між дрэваў таемная змова,
там нехта маўклівы
мяне ад цябе забярэ.

Або ў вершы «Цягнік».

разам з усімі нарэшце прачнуся
на самай прыгожай,
канцовай, станцыі,
дзе ўжо не належу Вам,
але і сабе не належу.

Увогуле паэзія Тацяны Сапач сёння як ніколі актуальная. Беларуская гісторыя зрабілі абарот і зноў апынулася на той пазіцыі, калі ўсё нібыта пачынаецца спачатку. Асабліва актуальныя тыя вершы, якія пісаліся паэткай прыканцы 80-х гадоў, аб'яднаныя пад адну вокладку зборніка «Восень». Гэта быў час нацыянальнага абуджэння і выразнага імкнення да незалежнасці. Час моладзевых суполак «Талака» і «Тутэйшыя», да якіх Тацяна належыла. Час, калі ў друку ўжо можна было дыскутаваць з ідэйнымі праціўнікамі і пісаць вершы на злабадзённыя тэмы. Вось і ў кнізе «Няхай не пакіне нас восень» Тацяна ажно тры разы ў вершах звяртаецца да нейкага Савелія, як бы дыскутуе з ім. Малады чытач можа падумаць, што гэта нейкая ўмоўная, прыдуманая асоба. Аднак чытач старэйшы лёгка пазнае ў Савеліі тагачаснага партыйнага функцыянера Савелія Паўлава, які ў друку выступаў з разгромнымі артыкуламі па нацыянальнай гісторыі, але перадусім пра дзейнасць моладзевых суполак. У вершах Таццяны гэты Савелій паўстаў зборным вобразам тагачаснага рэтраграда. Пра якога паэтка піша:

я не люблю вас.
Я люблю Шапэна.

Але ўжо надыходзіць іншы час, час перабудовы і галоснасці, і паэтка кажа Савелію:

Я ведаю, вы ня любіце
маіх грамадзянскіх строфаў,
ды ваш чырвоны аловак
зь іх болей ня выпусьціць кроў.

І яшчэ што варта адзначыць. У гэтых Тацяніных верлібрах вельмі выразна гучыць музыка, яны надзвычай меладычныя. І нездарма гурт Касі Камоцкай «Новае неба» напісаў ці не тузін песень на яе вершы. Незвычайных, дзіўных песень, як, напрыклад, «Дзеці Чорнага горада», альбо «Дом».

Варта яшчэ тут падзяквацьТаццяне Грыневіч, якая сабрала галасы паэтаў, па архівах і па студыях, ад Янкі Купала і да Вікі Трэнас, і выдала іх на CD-дыску «Галасы паэтаў». Ёсць на гэтым дыску і голас Тацяны Сапач, вельмі адметны, зноў-такі музычны, які застанецца з намі, пакуль мы будзем.