Больше рецензий

Torvald5

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

16 января 2022 г. 23:03

513

5

Гэты раман аматары беларускай літаратуры чакалі. Гадоў пяць таму Уладзімір Някляеў у адным з інтэрв'ю сказаў, што піша раман пра Купалу, дакладней пра таямніцу яго смерці. А таямніца смерці Купалы – хіба адна з галоўных таямніц беларускай літаратуры.

Праўда, працуючы над раманам, Някляеў зразумеў, што гэтую таямніцу нельга разгадваць да канца, інакш таямніца знікне незваротна. І тады аўтар вырашыў увесці ў твор яшчэ аднаго персанажа, маладога паэта Віктара Маргера, які мае аўтабіграфічныя рысы.

Увогуле гэта містычны раман, штосьці на ўзор «Майстра і Маргарыты» Міхаіла Булгакава. Янку Купалу ажыўляюць пасля смерці і ён робіцца сведкам розных падзей, у тым ліку і сваёй крэмацыі. Пасля смерці яго зноў арыштоўваюць і прывозяць на сустрэчу са Сталіным. З гэтай сустрэчы стала зразумела, чаму савецкія ўлады раптам змянілі стаўлення да Народнага паэта Беларусі. А здарылася наступнае: у Менску нямецкія акупацыйныя ўлады адну з вуліц назвалі імем Івана Луцкевіча, пасля чаго на стале Сталіна з'явіўся данос, маўляў, немцы ўшаноўваюць Янку Купалу. Але Купала меў іншае, хоць і сугучнае, прозвішча – Луцэвіч. А Іван Луцкевіч – гэта адзін з заснавальнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады і газеты «Наша ніва», актыўны дзеяч беларускага нацыянальнага адраджэння пачатку XX стагоддзя. Ён памёр яшчэ ў 1919 годзе. Але, як бачым, прычына пакараць Купалу ў НКВД была сур'ёзная. І ўжо не вельмі істотна, хто канкрэтна выканаў смяротны прысуд, вынесены Сталіным.

У рамане Купала сустракаецца з каханкай, яго дапытвае камісар НКВД Мяркулаў, удзельнічае ў розных дыскусіях, у тым ліку нават з Хрыстом, а прыканцы рамана яго нават укрыжоўваюць на адным крыжы разам са Сталіным. Адбываецца нібыта суд, падчас якога Купалу апраўдалі і знялі з крыжа.

Паралельна аўтар апавядае пра жыццё і прыгоды паэта, студэнта літінстытута Віктара Маргера, які пазнаёміўся ў Маскве з дачкою члена Палітбюро Грачына. І жыццё яго рэзка пачынае мяняцца – перад ім адчыняюцца ўсё новыя і новыя дзверы. Яго запрашаюць у розныя ўрадавыя паездкі, ён бывае на дачы ў Грачына і нават аднойчы выпівае там разам з Леанідам Брэжневым. І Грачын спрыяе таму, каб Маргер прывітаў вершамі з'езд КПСС ад імя савецкай моладзі. Пасля чаго многія ранейшыя сябры пачалі яго пазбягаць. Але і сам Маргер разумее, што з ім адбываецца штосьці не тое, што гэта яго зацягвае і трэба з гэтага выбірацца. Ён з'язджае ў роднае Крэва і пачытае там пісаць раман пра Купалу. Але яго не пакідаюць у спакоі. І зноў ён апынаецца ў Маскве ў віры падзей.

У рамане шмат філасофскіх развагаў пра прыроду творчасці, пра ролю асобы ў гісторыі, пра рэлігію, пра таталітарызм у СССР. Шмат дзіўных здарэнняў і сустрэчаў, напрыклад, з Індзірай Гандзі, або з Ярузельскім. У падзеях удзельнічаюць шмат паэтаў, якія хоць і маюць змененыя прозвішчы, але лёгка пазнаюцца – Барадулін, Бураўкін, Стальцоў, Караткевіч, Еўтушэнка, Вазнясенскі, Раждзественскі і іншыя. Як прызнаецца аўтар рамана, большасць падзей, якія адбываюцца з імі, - рэальныя.

Раман напісаны ў сучасным стылі, і ў прынцыпе, з'яўляецца ўніверсальным, бо свой Купала, які зазнаў трагедыю праз канфлікт з уладай, ёсць практычна ў кожнага народа.

Ну і варта адзначыць, што раман падчас напісання з гістарычнага, ператварыўся ў актуальны. Сёння ў Беларусі адбываюцца практычныя тыя ж падзеі, што адбываліся 80-90 гадоў назад. Таму гэты раман мае ў сабе адказы на некаторыя пытанні, якія хвалююць сёння беларусаў.