Больше рецензий

yozas_gubka

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

11 июня 2021 г. 12:30

853

3

Увесь час чытання “Рэвалюцыі “ Віктара Марціновіча мяне не пакідала адчуванне, што я чытаю пераклад на беларускую мову якога-небудзь старога з 90-х ці 00-х твора Пелевіна альбо Сарокіна. Малазнаёмая беларускаму чытачу маскоўская тапаніміка, бандыцкія рэаліі, таемныя арганізацыі, герой, які праходзіць шлях ад умоўна “офіснага планктона” да вяршыцеля лёсаў. “Рэвалюцыя”, бадай што, самы пазбаўлены аўтарскай індывідуальнасці раман Марціновіча, з тых, што я чытаў. У аўтара і раней было шмат запазычванняў, але яны заўжды даволі ўдала разбаўляліся мясцовымі беларускімі рэаліямі - моцным уплывам беларускай глыбінкі, як у “Сфагнуме”, ці спецыфічнымі выявамі Мінска недалёкай будучыні, як у “Мове”. У “Рэвалюцыі” ж з беларускага кантэксту ёсць толькі герой-беларус - карэнны масквіч у першым пакаленні - дый яго беларускасць узгадваецца літаральна ў 2-3 абзацах за ўвесь тэкст.

Але невыразнасць аўтарскага стылю не адзіная бяда “Рэвалюцыі”. У апісаны Марціновічам сусвет не вельмі верыцца, усё што адбываецца з героем, успрымаецца з большага як пелевінская псіхадэліка, а не нешта, што магло быць на самой справе (хаця, можа так і трэба). Сюжэт, як гаварыцца, “немнога прадказальны” і пра фінальны твіст можна здагадацца задоўга да сярэдзіны кнігі. Героі, за малым выключэннем (Чупрыга), вымаляваны ненатуральна і павярхоўна, асабліва гэта датычыцца жаночых персанажаў. Аб’ект кахання галоўнага героя Воля, няхай і часта з’яўляецца на старонках рамана, але апісваецца з большага, як лялька, з якой можна толькі пераплятаць ногі ў “вітую пару” ці ўзгадваць пах яе скуры за кубачкам кавы, асобы за такім апісаннем не бачна.

Але ёсць адзін момант у кнізе, які мяне вельмі уразіў - гэта 9-я глава пад назвай “У якой я страляю чалавеку ў голаву”. Гэтая глава бачыцца мне цалкам самастойным творам, псіхадэлічным апавяданнем з закручаным сюжэтам, якое можна чытаць у адрыве ад асноўнага тэксту рамана. Можна, нават, не чытаць “Рэвалюцыю”, пакінуць толькі гэтую 9-ю главу - бо яна, як яскравая перліна ў сярэдзіне груваздкай і бруднай ракавіны, якую хочацца хутчэй адкінуць.