Больше рецензий

xbohx

Эксперт

Диванный Эксперт

1 февраля 2021 г. 18:39

211

4

Мая гісторыя знаёмства з гэтай кнігай пачалася яшчэ ва ўніверсітэце, калі выкладчыца беларускай мовы ілюстравала правілы рознымі прыкладамі з яе. Дарэчы, пары Таццяны Расціславаўны дагэтуль памятаю, як адны з найлепшых. І вельмі плённае супрацоўніцтва атрымалася ў нас на 2 курсе, калі пад яе кіраўніцтвам я пісала курсавую.
Аказалася, што вельмі лёгка зацікавіцца кнігай, калі з табой дзеляцца яркімі вытрымкамі з яе. Але амаль 10 гадоў мне спатрэбілася, каб ад чытання ўрыўкаў дайсці да кнігі цалкам. “Зацемкі зь левай кішэні” Галубовіча складаюцца з лірычных мініяцюр, жыццёвых назіранняў, афарызмаў. Большасць з іх прысвечана літаратурнай творчасці. Напрыклад, прачытала ў яго цудоўную фразу “філалагічны ўхіл жыцця” і доўга думала. Ну выдатны ж радок для рэзюмэ!
Таксама Галубовіч шмат разважае пра асаблівасці творчых людзей, маўляў, літаратурай могуць займацца толькі асобы неардынарныя, часта псіхічна ці фізічна выродлівыя. Цікава, ці адносіць аўтар сябе да такіх? У кнізе мноства зацемак пра паэзію, бо Галубовіч паэт. Расказвае ён і гісторыі пра калег-літаратараў, часам гэта даволі анекдатычныя выпадкі.
Некаторыя мініяцюры нагадваюць дзённікавыя запісы, бо ў іх аўтар дзеліцца надзённымі перажываннямі, часта закранае вечныя тэмы жыцця і смерці, па-філасофску разважаючы над імі.
Дык чытаю я Галубовіча, нават атрымліваю задавальненне, прыкмячаю нейкія трапныя назіранні, з чымсьці пагаджаюся, з чымсьці палемізую. І тут ён як напіша чарговае глупства пра жанчын... То яны літаратурнымі крытыкамі не здольныя быць, то літаратурнай творчасцю ім не абавязкова займацца. Такі абсалютна тапорны сэксізм, і аўтар нават не адчувае, што нешта не так. Бедныя гэтыя цёмныя бабы, куды ім у літаратуру лезці! Баршчы варыце.
Чым Галубовіч у гэтыя моманты адрозніваецца ад прэзідэнта, якога так не любіць і якому ў кнізе прылятае яшчэ часцей, чым жанчынам? Той казаў, што на беларускай мове нельга стварыць нічога вялікага, гэты кажа, што жанчыны ні на што не здатныя ў літаратуры. Тэмы выказванняў розныя, вузкалобасць адна.
Прывяду цытаты, каб не быць галаслоўнай:

Жанчына, як крытык, ня больш чым бэлетрыст. У іх ад прыроды не крытычная лёгіка, яна ў іх мацярынская, а значыць, суб’ектыўная.


На мой суб’ектыўны погляд, жанчынам не абавязкова займацца літаратурнай творчасцю. Яны ніколі не напішуць твор роўнавялікі таму, што маюць самі зь сябе...

Ладна, дадае тут пра суб’ектыўны погляд і нібыта ўзвышае жанчын, маўляў, яны і без літаратуры самі па сабе вялікія. Але далей сустракаю:

Жанчына, пачынаючы з свайго сьвядомага дзявоцтва, фізычна і ўнутрана падрыхтаваная да гвалту. Больш таго, падсьвядома чакае гэтага…Мужчына дзейсны да гвалту толькі інстынктыўна і рэфлексыйна…


Адкуль гэтыя псеўданавуковыя думкі? Ведаеце, што было б у цывілізаванай краіне, калі б вядомы чалавек, пісьменнік, акцёр, спявак, дазволіў сабе такое выказванне? Ён бы доўга пасля яго адмываўся ад патоку чалавечай нянавісці.
І яшчэ далей сустракаю фразу ад стваральнікаў “а часики тикают”:

Нарадзіць чалавека ад любімага мужчыны — вось вяршыня жаночай творчасці. Усё астатняе — “от лукавого”...

Некалькі гэтых цытат, якія ў часы напісання не лічыліся чымсьці страшным, усё ж не здолелі сапсаваць мне агульнае ўражанне ад кнігі. Таму раю “Зацемкі” як цікавы літаратурны дакумент, які адлюстроўвае эпоху, калі быў выдадзены. Супярэчлівыя дзевяностыя, якія можна параўноўваць па кнізе з нашым часам, асабліва што тычыцца літаратурных і моўных пытанняў.
картинка xbohx