Больше рецензий

22 декабря 2020 г. 19:43

929

2

Таму, дзеля смеху, называць я цябе буду Воляй. Мы ж абое ведаем, што акурат Воляй ты не можаш быць.

Што не так з гераінямі Віктара Марціновіча?

Гэтае пытанне я задаю сабе даволі даўно, але толькі на зусім ужо кепска напісанай «Рэвалюцыі» я нарэшце зламалася і выказваю яго ўслых. Ну, не ўслых, на белым экране з дапамогай чорных літар, але вы мяне разумееце.

Дык вось, што не так? Чаму ў мастацкім свеце пісьменніка комплекс мадонны і распусніцы буяе яскравым цветам?

«Мова»: прадажная Ірка і богабойная Элаіза.
«Ноч»: ідэалізаваная дзяўчына за мяжой і нахабная Касандра.
«Рэвалюцыя»: дарагая прасталытка Ганна і пяшчотная дурнічка Воля.

Дзве старэнькія кардонныя маскі кожны раз выцягваюцца з куфра і прымяраюцца на чарговыя жаночыя імёны, фігуры ці твары. Альбо кісейная паненка, альбо пажадлівы дэман. Разнастайнасць такая, што ажно моташна. Больш за тое, у любой з гэтых кніг аголенае цела жанчыны выкарыстоўваецца толькі па тое, каб галоўны герой мог высакародна адмовіцца ад яго ці, нааадворат, пагадзіцца на полавы акт — і такім чынам выпрабаваць свой (цікавы і глыбокі? не, але гэта асобная тэма) характар. Ананімная дзяўчына з раскіданай па ёйных грудзях ежай з «Мовы», Касандра з «Ночы», Ганна з «Рэвалюцыі»... Кожная з іх выступае ў якасці знакамітага сабачкі, якога персанаж павінен збіць альбо пакарміць, каб мы, чытачы, адразу ж зразумелі, любіць нам яго ці ненавідзець. Вось толькі жанчыны ўсё ж не сабачкі, нават не коткі, а цэлая палова чалавецтва. Калі пісьменнік не можа прыдумаць для іх больш за два вельмі ўмоўныя характары і іншае прызначэнне, чым натхненне і спакуса свайго альтэр-эга, то гэта сведчыць пра яго трагічную творчую недаспеласць. Ці надыдзе той светлы час, калі штосьці тут пачырванее, нальецца сокам і ўпадзе з галіны? Бо пакуль што мне як чытачцы прапануюць суцэльную кісляціну і зеляніну. Колер вокладкі нібыта дае намёк.

Коратка пра іншыя мінусы: сюжэт варты таннага трылера, які ў ЗША знялі бы ў васьмідзесятыя, а на постсавецкай прасторы — недзе на пачатку двухтысячных. Лірычныя адступленні ў тэксце стамляюць. Рэкламная кампанія непрыемна ўражвае пэўнай няшчырасцю. Лёгка прадаць кнігу пад назвай «Рэвалюцыя» на фоне цяперашніх падзей у Беларусі, праўда ж? Вось толькі распавядае яна зусім не пра тое, што баліць цяпер людзям, а пра Маскву і, скажам так, расійскіх рэптылоідаў. Таму — пакінь спадзевы, кожны, хто яе купляе.
Коратка пра некаторыя плюсы: пятая, сёмая і дзявятая главы, дзе гаворка ідзе пра рэальны этычны выбар, а не пра галізну, напісаныя сапраўды моцна. Пераклад Віталя Рыжкова чытаецца з задавальненнем. Што яшчэ... Шматпакутнаму сучбелліту насамрэч вельмі патрэбныя танныя трылеры? Бо людзі нарэшце пачнуць іх чытаць? Добра, няхай.

Урачыста абяцаю сабе не быць упартай зласлівіцай і аднойчы ўзяць у рукі марціновічаўскае «Возера радасці». Раптам у гэтай кнізе галоўная гераіня будзе апісаная праўдападобна, рознабакова ці, прынамсі, з нейкай павагай да яе? У выбітнай караткаметражнай экранізацыі Аляксея Палуяна усё было менавіта так. Не расчаруй, першакрыніца.