Больше рецензий

Torvald5

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

15 октября 2020 г. 13:49

373

5

Адразу мушу адзаначыць, што з’яўленне гэтай кнігі абавязана руплівай, самаахвярнай працы літаратуразнаўца Язэпа Янушевіча. Ён шмат гадоў займаўся вывучэннем і папулярызацыі творчай і палітычнай спадчыны Вацлава Ластоўскага. У 1995 годзе Янушкевіч у кніжнай серыі “Нашы славутыя землякі” выдавецтва “Навука і тэхніка” выдаў біяграфічную кнігу пра Вацлава Ластоўскага “Неадменны сакратар Адраджэння”. І працягваў далей пошукі публіцыстычных і мастацкіх твораў Власта – такі меў творчы псеўданім Вацлаў Ластоўскі. У выніку гэтай працы і паўстаў у кніжнай серыі “Беларускі кнігазбор” гэты дыхтоўны, на пяцістах старонках, том літаратурнай спадчыны Ластоўскага.

Для мяне асабіста Вацлаў Ластоўскі, як пісьменнік перадусім празаік. Аўтар славутай аповесці “Лабірынты”. У гэтым творы Власт алегарычна выклаў свае думкі адносна гісторыі Беларусі. Маўляў, калыска беларускай дзяржаўнасці – Полацкае княства, а таямніцы той старажытнай цывілізацыі, якая былі знішчана ворагамі, схаваныя ў падземных лабірынтах пад Сафійскім саборам. І толькі калі нашчадкі гэтай спадчыны стануць вартымі яе, то таямніцы адкрыюцца і на беларускіх землях запануе росквіт і дабрабыт. Дарэчы, Ластоўскі быў прыхільнікам гістарычнага назову сваёй радзімы – Крывія, і ў мастацкіх тэкстах менавіта так яе пераважна называў.

Гэтая кніга ўпершыню пазнаёміла сучаснага беларускага чытача з Вацлавам Ластоўскім як паэтам. Вершы ён пачаў пісаць амаль у 40 гадоў. Першы ягоны верш “Наперад, змагарна наперад!” быў надрукаваны ў 1922 годзе ў першым нумары часопіса “Беларускі сцяг”. Вось з такіх рэдкіх сёння выданняў Язэп Янушкевіч пазбіраў вершы Власта і аб’яднаў іх разам пад адну вокладку. Паэтычная спадчына Ластоўскага невялікая – каля чатырох дзясяткаў вершаў. Але яна адметная і сваім зместам, і сваім наватарствам, і сваёй уласнай вершатэхнікай і мовай.

Вацлаў Ластоўскі нават у вершах заклікаў адраджаць і папулярызваць сваю гісторыю. Бо народ без уласнай гісторыі не мае ніякай перспектывы.

Бо толькі родны чарназём,
цяплом духовым абагрэт,
здалее даць пітомнае красы
праўдзівы квет.