Больше рецензий

xbohx

Эксперт

Диванный Эксперт

27 декабря 2019 г. 18:17

381

4.5

Люблю я, калі ў беларускай літаратурнай прасторы з’яўляецца кніга, якая выклікае столькі дыскусій і спараджае мноства супрацьлеглых водгукаў. Людзі дзеляцца на два тыпы: першыя ад кнігі ў захапленні, другія шчыра не разумеюць, што тыя першыя ў кнізе знайшлі. Я схіляюся да першых, але добра разумею і другіх.
Адзін з галоўных герояў твора — агент беларускага КДБ капітан Павел Капейкін, які накіроўваецца ў Варшаву ў пошуках таямнічага паэта Цімура Хоміча. Цімур у гэтым творы грае ролю своеасаблівага “макгафіна”: усе яго хочуць знайсці, на гэтым пабудаваная фабула твора, але ж сутнасць пошукаў усё ж вялікага значэння не мае. Важны шлях, а не канцавы прыпынак (цягнік далей не ідзе, калі ласка, пакіньце вагон).
У Варшаве Капейкін трапляе ў беларускую культурную тусоўку, якая павінна навесці яго на шлях Хоміча, і тут пачынаецца карнавал асобаў, знаёмых абазнанаму ў сучбелліце чытачу. Сяргей Календа, Віталь Рыжкоў, Марыя Пушкіна, Андрусь Горват, Кірыл Стаселька… Гэтыя і многія іншыя літаратары, перакладчыкі, рэжысёры становяцца героямі кнігі. Менавіта такі аўтарскі прыём і адштурхнуў многіх чытачоў. Маўляў, я гэтых людзей не ведаю, як і навошта мне пра іх чытаць. Але хачу ўсіх супакоіць, што вам і не абавязкова іх ведаць, бо ў творы ад гэтых герояў збольшага толькі імёны.
Вядома ж, вам будзе цікавей, напрыклад, ад гэтага ўрыўка, калі вы ведаеце, хто такі Кірыл Стаселька. Тут абыгрываецца гісторыя, калі па промакодзе “Marginalis” (назва кнігі Стаселькі) можна было атрымаць бясплатную піцу пры заказе ў піцэрыі Папа Джонс:

Гэта надта цікавы персанаж, пачнём з таго, што ён першы дамовіўся з румачнай на Партызанскім, каб пры пакупцы трох беляшоў і бутэлькі гарэлкі дарылі ягоную кнігу прозы «Маргіналы», то-бок гэта было траплянне ў мэтавую аўдыторыю, нібы ў Домрачавай на алімпійскіх гульнях — дробным калібрам, але з запасным набоем. Што праўда, ад працоўнага не дачакаешся чытацкага водгуку на фэйсбуку, то вы пра акцыю не даведаліся, а ў нас увесь Трактарны гудзеў, як трансфарматарная будка ў навальніцу.


Але мяркую, што людзі зусім без беларускага літаратурнага бэкграўнду за гэтую кнігу наўрад ці возьмуцца. Таму збольшага імёны для вас мусяць быць з разраду “недзе чуў”.
Людзі ў цэлым для кнігі вельмі важныя. Нават больш важныя, чым пошукі Цімура ці іншыя падзеі, што адбываюцца на працягу кнігі. За ўсёй гэтай сатырычнасцю і гумарыстычнасцю кнігі хаваецца своеасаблівае даследаванне беларускай ідэнтычнасці. Таму месцам дзеяння абраная Варшава — папулярнае месца для эміграцыі беларусаў.
Сустракала прэтэнзію, што гумар у кнізе Адамовіча на ўзроўні Камедзі Клаб. Падобныя перадачы не гляджу, але кніга выклікала ў мяне шчыры смех. Ад маленькіх усхіхікванняў ад асобных цытат да сапраўднага рогату ад цэлых фрагментаў тэксту. Пакіну вам у канцы колькі прыкладаў для разагрэву.
Заканчваецца твор пазнакай “Канец першай кнігі”, і сам Адамовіч у інтэрв’ю “Еўрарадыё” адзначыў, што першая кніга была добрай, пра людзей, якіх ён любіць. А вось другая будзе супрацьлеглай. Буду вельмі чакаць. Бо для мяне гэтая кніга адназначна трапляе ў топ года.
картинка xbohx