Больше рецензий

Torvald5

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

15 августа 2019 г. 09:57

368

4

Аляксей Пысін – адметны прадстаўнік літаратурнай Магілёўшчыны. Практычна ўся яго літаратурная і журналісцкая дзейнасць адбывалася ў Магілёўскай вобласці, а ў другой палове 70-х ён нават узначальваў абласную арганізацыю Саюза пісьменнікаў.

Цікава, што другая кніга паэта «Сіні ранак» выйшла пасля доўгага перапынку, бо першая, «Наш дзень», пабачыла свет у 1951 годзе, то бок паміж імі было восем гадоў.

У кнізе адчуваецца вельмі моцны ўплыў расейскай паэзіі 30-50 гадоў. Багрыцкі, Лугаўскі, Жараў, Асадов, Святлоў, Межыраў... Праўда, гэтая запазычанасць перадусім у форме верша, у яго рамантычнай інтанацыі. Але што датычыць зместу, пачуццяў, алітэрацыяў, вобразаў, дык тут паэзія Пысіна ўжо цалкам беларуская і самастойная.

Характэрна, што пачынаецца зборнік вершам «Ручнікі». Не нейкім ідэалагічным, або патрыятычным. Гэта верш пра маці, якая вышывае ручнік.

Вышывала маці... У руках,
Як вясёлкі, ніткі мільгацелі.
Клаліся на белых ручніках
Роднай нівы фарбы і адценні.

І заканчваецца кніга адпаведным вершам, які называецца «Вузел».

Не ведаю, якім вузлом
Навекі я прывязан
Да старых сосен за сялом,
Да яблынь, груш і вязаў..
.

Паміж гэтымі вершамі і ідзе паэтычны расповед пра родную зямлю, яе хараство і працавітасць людзей.

Беларускія паэты 50-60-х, як згаварыліся, у многіх тагачасных зборніках можна знайсці вершы пра тое, што паэт чакае паводкі. Што гэта за паводка, можна толькі здагадвацца. Вось і ў Пысіна ёсць адпаведны верш.

Чаўны зімуюць над ракой
І, хоць на вышках дзесці вёслы,
Сняць не зацішша і спакой,
А гул паводкі веснавой,
Агні рыбацкія над плёсам.