Больше историй

29 октября 2016 г. 15:16

4K

Яго каханне і муза са школьнай парты

Гадоў дзесяць таму ў Гомельскім раёне, дзе я працую, ў вёсцы Церуха на адным з дамоў адкрылі мемарыяльную дошку народнаму пісьменніку Беларусі Івану Шамякіну.
Цікавым было тое, што дом гэты належаў не самому пісьменніку, не яго бацькам, а яго… цешчы. Якія адносіны звычайна складваюцца ў мужчын з маці жонкі – добра вядома (па анекдотах, у тым ліку), а тут вось як… Больш таго, ў сваіх нататках Шамякін неяк запісаў: “Калі я еду ў Церуху – я еду дадому…”. Словам, цешчын дом быў яму радней роднага. А ўсё з-за шматгадовага, адзінага на ўсё жыццё кахання да сваёй жонкі Марыі, водблескі якога, натуральным чынам, пераносіліся і на яе родных.
А пазнаёміліся Іван і Марыя тут жа, ў Церусе, калі былі яшчэ школьнікамі. Бацька Шамякіна быў лесніком, таму іх сям”я часта пераязджала з месца на месца, згодна з яго чарговым назначэнннем. Калі Шамякіны пасяліліся ў Церусе, і Ваня пайшоў у школу, высветлілася, што ён у класе самы малы ростам. Аднакласнікі, вядома ж, пачалі насміхацца за гэта з навічка, ды і пабіць хацелі. І толькі адна дзяўчынка кінулася яго абараняць, гэта і была Маша.
Неўзабаве Шамякіны зноў пераехалі, але дружба Вані і Машы на гэтым не скончылася. Яны перапісваліся, а, калі выраслі, пажаніліся і пражылі разам шмат гадоў. Марыя стала прататыпам лепшых шамякінскіх гераінь, у тым ліку Сашы з “Трывожнага шчасця”. Асабіста ёй ён прысвяціў аўтабіяграфічны твор “Слаўся, Марыя!”.
…Сёння, калі гучыць жахлівая статыстыка разводаў, я часта ўспамінаю пра гэту пару. Бывае ж так: са школы – і на ўсё жыццё. І гэта пры тым, што Шамякін быў чалавекам творчым, а ім жа, як сцвярджаюць, пастаянна патрэбны новыя музы. Аказваецца, можна і так, як ён: усё жыццё захапляцца і адкрываць новае толькі ў адной жанчыне – сваёй жонцы.