Больше рецензий

xbohx

Эксперт

Диванный Эксперт

14 августа 2018 г. 23:47

513

4

Вось любяць жа філалагічныя кнігі называць вельмі пафасна. У мінулым месяцы чытала "Служэнне Беларусі" Бугаёва (такі патрыятычны пафас у назве літаратуразнаўчай кнігі), цяпер вось у Зуёнка назва зборніка з прэтэнзіяй. Але такая ўжо ў нас склалася культура загалоўкаў. Добра, што змест кнігі ад гэтага нічога не губляе ў дадзеным выпадку.
У зборнік паэта Васіля Зуёнка (якога ўжо варта лічыць жывым класікам) увайшлі тэксты на розныя тэмы, пераважна роздум над творчасцю калег, цікавыя этымалагічныя знаходкі ў мове, лінгвістычныя і літаратуразнаўчыя замалёўкі, пейзажныя эцюды (першыя тры часткі), падарожныя нататкі (апошняя частка). Напрыклад, у эсэ "Цівалі" аўтар спрабуе зразумець этымалогію слова "цівалі". Нястомны мовазнаўца заўсёды ў пошуках матэрыялу для разгляду, да працэсу мыслення яго можа падштурхнуць што заўгодна. Напрыклад, у 1992-2000 гг. у Мінску існаваў хакейны клуб Цівалі. Зуёнак зацікавіўся тым, адкуль узялася такая незвычайная назва. Вікіпедыя паведамляе, што каманду назвалі ў гонар вёскі Цівалі, якая ўвайшла ў склад Мінска ў 70-х. Думаю, што цяпер гэтае слова больш асацыюецца з аднайменным гандлёва-забаўляльным комплексам на вул. Прытыцкага. Але як цікава было прасачыць за філалагічным рухам думкі аўтара, які самастойна выводзіць этымалогію слова.
Ды яму нават сны сняцца мовазнаўчыя! Вось гэта філалагічны ўзровень. У сне Зуёнак спрабуе зразумець, як перадаць па-беларуску назву французскага горада "Тьерье". Атрымліваецца даволі грунтоўны сон з разважаннямі паводле ўсіх правіл. А як цёпла і хораша ён адгукаецца пра сваіх калег паэтаў і празаікаў. Даследуе іх творчасць, аналізуе творы. Мне складана ўявіць, каб такія нататкі рабілі сучасныя пісьменнікі. Прычым натхніць на роздум Зуёнка могуць нават не цэлыя творы, а проста асобныя словы ў іх.
І апошняя частка кнігі — падарожныя нататкі з вандроўкі ў ЗША “Дзесяць дзён другога адкрыцця”. Для аўтара гэта другая вандроўка ў Амерыку, першая адбылася ў 1985 годзе (тады ён прымаў удзел у пасяджэнні Генеральнай асамблеі ААН). Тут ужо з’явілася магчымасць паглядзець на краіну не вачыма дыпламата, а вачыма простага турыста. Наведалі яны штат Мінесота, а ў нататках можна сустрэць і апісанне побыту амерыканцаў (сем’яў, у якіх гасцяваў), і экскурсію па вуліцах і разнастайных установах. Ну і як жа філолаг абыдзецца без філалагічных разваг. Хоць напісана гэта ў 1988 г., але і праз 30 гадоў чытаецца з цікавасцю.
Раю ўсім аматарам цікавай літаратура- і мовазнаўчай літаратуры.
картинка xbohx