Больше рецензий

xbohx

Эксперт

Диванный Эксперт

6 июля 2018 г. 18:05

2K

5

Птушка з церневай калючкаю ў грудзях падпарадкоўваецца нязменнаму закону развіцця прыроды; яна сама не ведае, якая сіла прымушае яе кінуцца на вастрыё і памерці з песняю. У тое імгненне, калі калючка працінае ёй сэрца, яна не думае пра блізкую смерць, яна проста спявае, спявае да таго часу, пакуль ёсць голас і не абарвецца дыханне. Але мы, калі кідаемся грудзьмі на церні, — мы ведаем. Мы разумеем. І ўсё роўна — грудзьмі на церні. Так будзе заўсёды.

Кніга, якая за месяц вывернула маю душу.
У чарговы раз упэўніваюся, што ёсць кнігі, якія мусяць да нас прыйсці ў пэўным узросце. Як добра, што мы не сустрэліся з гэтай кнігай раней.
Калі ў дзяцінстве ўсе дзяўчынкі чыталі “Птушкі на цернях” (ці прынамсі глядзелі экранізацыю) і захапляліся выключна няпростай любоўнай лініяй Мэгі Кліры, я ўпарта ігнаравала гэты раман. Нарэшце прачытаўшы, ні кроплі не шкадую, што пазнаёмілася з ім толькі цяпер. Бо ў дзяцінстве я не змагла б ацаніць усю паўнату карціны, якую стварае аўтарка рамана. Карціны, у якой галоўнае — людзі, іх унутраны свет.
Сапраўды, у цэнтры сюжэта стаіць немагчымасць кахання паміж Мэгі Кліры і святаром Ральфам дэ Брыкасарам, што прыцягвае аматараў любоўных раманаў. І гэтае каханне будзе з героямі на працягу ўсяго жыцця. Калі глядзець больш глабальна, то кніга апавядае гісторыю трох пакаленняў вялікай сям’і Кліры. З Новай Зеландыі яны перабіраюцца ў Аўстралію да багатай сястры главы сям’і, Пэдзі Кліры, і там становяцца ўладарамі маёнтка Драгеда, дзе займаюцца авечкагадоўляй. Гэта сапраўды эпічны раман, ад маштабаў падзей, якія ў ім апісваюцца, да эмоцый, якія перажываюцца ў часе чытання.
Кожны персанаж мае сваю выяву і свой голас. Яны такія жывыя, што пачынаеш задумвацца, ці не малявала аўтарка герояў з рэальных асоб. Перажываеш за лёс кожнага, і самае цікавае, што стаўленне да героя мяняецца з цягам часу. Тыя, хто раздражняў у пачатку, у канцы могуць выклікаць выключна пазітыўныя эмоцыі. Тут ярка праяўляецца адна з асноўных жанравых асаблівасцей рамана: паказ змен у працэсе ўнутранага развіцця персанажаў. Колін Маккалаў валодае сапраўднай апавядальніцкай магіяй, бо можа ажывіць персанажаў, зрабіць іх сапраўднымі, праўдападобнымі.
Адна з галоўных гераінь рамана — Мэгі — адзіная дачка ў сям’і, заўжды была вельмі самастойнай, бо расла сярод хлопчыкаў, на якіх больш была накіраваная ўвага маці. Толькі бацька і старэйшы брат сталі яе блізкімі сябрамі. Ральф дэ Брыкасар для Мэгі стаў метафарычным богам: з яго ўсё пачалося, калі ён сустрэў яе яшчэ маленькай дзяўчынкай, яго смерцю ўсё і скончылася. Спачатку асуджаеш Мэгі за тое, што яна робіць са сваім жыццём, а ў канцы перажываеш кожную страту, якую яна нясе, нібыта яна твая асабістая.
Варта адзначыць і выдатна прапісаны гістарычны фоне. Сусветныя войны, Вялікая Дэпрэсія, засуха. Перад чытачом паўстае панарама жыцця Аўстраліі ад Першай сусветнай вайны да 60-х гадоў. Прычым паказаныя не толькі гістарычныя падзеі, але і развіццё тэхнікі, змены ў модзе, культуры і інш.
Твор пра звычайных людзей, якія жывуць звычайным жыццём. Яно складаецца не толькі з правільных рашэнняў, таму часам гэтыя людзі мэтанакіравана кідаюцца ў вір не самых прыемных падзей, як птушкі на церні. Але так жывуць, адчуваюць сябе жывымі. А чытач становіцца больш чым проста чытачом, ён становіцца сведкам і ўдзельнікам падзей. Нам хочацца, каб з героямі ўсё было добра, бо яны ўжо сталі часткай нас. 603 старонкі, каб прапусціць усё праз сябе.
Кнігу можна назваць добрай, калі яна знаходзіць водгук унутры вас. Кніга “Птушкі на цернях” разрывала мне душу. Не чакайце ад яе прыемнага рамантычнага кахання, яна дастане ваша сэрца і разаб’е яго.
картинка xbohx

Комментарии


Подозреваю, беларуский перевод названия ближе к оригиналу.


да, в оригинале никаких поющих нет


Гораздо более близко к оригиналу и читается намного приятнее, чем русский перевод.