Больше рецензий

Morra

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

17 апреля 2018 г. 23:18

505

4

Заўжды радуюсь, калі сустракаю добрыя і цікавыя выданні па культуры паўсядзённасці. Асабліва калі гэта тычыцца родных мясцін. "Сакатала бочачка" ў гэтым сэнсе сапраўдны падарунак, бо алкагольную тэматыку я вельмі люблю і ў практыцы (добрай якасці і ў добрай кампаніі), і ў тэорыі, а кніг пра спіртныя напоі і культуру іх спажывання выдаецца ўсё ж няшмат.

Выданне хочацца ўхваліць, перш за ўсё, за знешні выгляд, бо кніга атрымалась прыемная ва ўсіх адносінах - добры шрыфт, сціплая прыгажосць, малюнкі суадносна тэме. Калі чапляцца, дык хацелася б бачыць больш аўтэнтычных гравюр і іншых выяў, але гэта не надта істотна. Змест таксама адпавядае чаканням. Аўтар досыць цікава распавядае крыху пра гісторыю вядомых беларускіх напояў (піва, старка, пітны мёд, крупнік, розныя наліўкі), крыху пра тэхналогіі і асаблівасці іх вырабу (для аматараў практычных заняткаў нават прыводзіць рэцэпты), крыху пра культуру спажывання. Асобны раздзел прысвечаны, напрыклад, спецыяльнаму "алкагольнаму" посуду, але і ў раздзелах, прысвечаных розным напоям, гаворка ідзе пра, так бы мовіць, сацыяльны аспект - цалкам страчаны ў нашай культуры піўны каляндар, любоў мясцовай шляхты да салодкіх напояў (у рэйнскія віна дабаўлялі цукар!), наяўнасць "прыемных аптэчак", у якіх гаспадыні захоўвалі ўласна прыгатаваныя настойкі, паступовую змену розных напояў і пераход ад слабых да моцных, што можна цікава, але ўсё ж беспадстаўна звязаць з агульным падзеннем культурнага ўзроўню. Дарэчы, я чакала, што будзе шмат матэрыялу пра знакамітыя шляхецкія папойкі ХVІІІ стагоддзя, але яны засталіся фактычна па-за ўвагай. Зразумела чаму - аўтар малюе крыху ідэалізаваны вобраз мінулага і выступае за памяркоўнасць у спажыванні алкаголю, а тут такі адмоўны прыклад. Крыху дзіўна выглядае спалучэнне ўсеагульнай крытыкі сучасных беларускіх вытворцаў і спажыўцоў з ухвалай ў бок аднаго з буйных вытворцаў, які быццам бы выпадкова з'яўляецца галоўным спонсарам... Але я разумею - есці хочацца ўсім. А вось чаго не разумею наогул, дык гэта поўную адсутнасць адсылак да крыніц пры тым, што аўтар называе сябе "прафесійным даследчыкам". Так што я ўспрымаю выданне менавіта як навукова-папулярнае, і ў гэтым сэнсе яно выглядае выльмі добра.